Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 74

Янка Купала

Сват

Ня зьведаўшы броду,

Ня сунься ў воду.

Прыказка

З апавяданьня старога дзецюка

      — Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы! Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы. Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы, Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы. — Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка, Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.       — Зімой было гэта, — гаворыць ён далей, — Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі, I ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй, — Няма таго дня — вечарынкі, вясельлі. Папіў той гарэлку, той едзе у сваты; Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш той хаты.       Глядзеў я, глядзеў я, — дый вытрымаць трудна, — А быў я натуры ня вельмі маруднай. Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам, — Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам, — Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе, Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў.       З сабой у дарогу гарэлкі набралі, — Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, — Конь добры быў сватні, званок прычапілі, З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!.. Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? — Бяда — не бяда, акіян па калені!       — Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі, Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. — Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы; Ноч ясна, марозна — і месяц, і зоры. Званок заліваецца, сьвішча палозьзе, Сьнег скача, конь пырхне, — тры пляшкі у возе!..       Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак; Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак. — А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі. — Дык проша ж у хату! — Сват нешта марудзе. Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае. Я толькі гляджу, дзе мая маладая.       З парога сказалі, як сьлед: «…пахвалёны!» — Навекі! — сказаў гаспадар на паклоны I просіць садзіцца. Мы селі на лаве. Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе? Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі, Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.       Дасталі тытун, затуманілі люлькі, — Капшук мой быў слаўны, — дастаў ад бабулькі, — I, як бы нідзе ні аб чым і ня дбаем, З пустога ў парожняе пераліваем: Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя, Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.       Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся, Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся I гутарку аб інтарэсе заводзіць. — Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць. Прыехалі к вам мы тавар аглядаці; Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!       (Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.)       Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала, Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла. — Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есьць ахвотне! Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні. Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня, Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні.       Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла! Куды тут нячыстая свата занесла? А ён (пакой вечны!), ня сьцяміўшы рэчы: — Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча! Хлапец і ня бедны, і добрай натуры, Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… —       Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі: — Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі! Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча, Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў! Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе, Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..       Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані, Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, — Вы сьмейдеся самі ці лайце ад ведзем; Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем. Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка, Ні ў чым не адступіць, хоць шло б ня ўсё гладка.       Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі. Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў. Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну, Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, Божа, віны!.. Сват гэтага толькі ня цяміць нічога: Яму ўсюды проста, як з моста дарога.       Гарэлка ізноў на стале загасьціла, Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла. Дзяўчыну ўжо маем, — што болей нам трэба? Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба. Ўсе гэта ня кепска — па першай няўдачы, Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..       А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, — Па целе так проста і скачуць мурашкі! Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак… Тут быў для мяне не канец неспадзевак! Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай, Ці мо' пад такою радзіўся планэтай…       Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць; Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць. Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое: Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое. — Чые, — спытаў, — гэта? — Аж дзеўка з куточка — Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка…       Што ж болей? Эх, болей… падлі там сівухі! — Ну і наварыў жа мне сват саладухі! Прайшло з таго часу год дваццаць бяз мала, На сьвет многа што прыбывала, ўбывала; Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны, Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны…       Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота, Прапала адвага, адпала ахвота… Так байку закончыў сваю нам Міхалка — Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка. Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, — Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.