Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 53

Янка Купала

Над ніваю ў непагоду

1

Постаць нязжатая слотамі гноіцца, Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца.          Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй; Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца, Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…          Як жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой! Столькі і працы, і поту загнанымі Ўложана ў ніву скупую сялянамі,          Столькі пайшло уздыханьня, мальбы! Гляньце — усё нішчыцца злой непагодаю, Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,          Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы. Сэрца забытых крывёй абліваецца Доля няшчаснага ў полі бадзяецца          Рады зьнікуль не відаць і ня чуць; Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя: Што бедакі, хлебаробы гаротныя          Холадам, голадам зімнім пачнуць? Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца, З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,          Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз… Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся? Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?          Божа… а сьлёз тых, о, колькі тых сьлёз!..

2

I чаго ж, непагода сьлязьлівая, Непрасьветна вісіш над зямлёй? Што ўрадзіла нам ніва убогая, I таго не сабраць за табой! У пракосе, ў капе, дый няскошана I стаіць, і гніе сенажаць; I ў снапах, і нязжатым бадзяецца Дабро ў полі, аж сьлёз не стрымаць. I ня хочаш ты гору мужычаму Спагадаць, непагода, ані; Не глядзіш, як ён будзе праводзіці Зь дзецьмі, з жонкай зімовыя дні… Што пачне ён, бядак, як расьсьцелецца Белы сьвет на дварэ, на страсе? Чым сямейку карміць яму прыйдзецца I трасянкі з чаго натрасе? Дзіцё плакаці будзе галоднае, Будзе ў хлеве кароўка рыкаць, Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.

Прышла восень…

Прыйшла восень, мужычок,         Ой, прыйшла! Глянь, што ў пуню і тачок         Прынясла. Працаваў ты, працаваў         Круглы год. Разьліваў ты, разьліваў         Кроў і пот, — Надзяліў жа малайца         Труд вялік: Налажыў куток сянца         Наш мужык. Злажыў торпамі ў таку         Скарб — снапы: Акалоту у кутку         З паўкапы; З копку грэчкі і аўса         Ў другі кут. Вось і плата табе ўся         За твой труд. Ідзі ў ток, ідзі да дня         Цэпам бі I кароўку, і каня         Накармі. Адбяры, што ўзяў вясной,         У магазын, Насып мех ты збажыной,         Вязі ў млын… Прыйшла восень, мужычок,         Ой, прыйшла! Глянь, што ў пуню і тачок         Прынясла.