Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 110

Янка Купала

Ў дагонку — А. Міцкевіч

С-пад прысад агарода бледны ўбег ваевода         У палац свой са злосьцю й трывогай; Дзе ў бакоўку дзьвер — стануў, у пасьцель жонкі глянуў,         Глянуў там і не ўбачыў нікога. У дол патупіўшы вочы, ўвесь дрыжыць, штось мармочэ,         Вусы тузае, думае дзіка; Адышоў ат пасьцелі, жутка зрэнкамі стрэліў,         Казакй ту-ж Навума паклікаў. Гэй, казачэ, ты, хаме! Што у садзе пры браме         Ні сабакі німа, ані стражы?! Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу,         С цьвека стрэльбу цягні мне ураз-жэ! Ўзялі броню—і ходу!.. Патцякліся к гароду,         Дзе шпалеры альтану абселі… На дзярновым пасадзе штось бялее у садзе:         Там сядзела кабеціна ў белі. Броўкі ручкай адною закрывала касою,         Грудзі крыла рубком кашуліны, А другою — памалу ат сябе атпіхала         Што ў калень яе кленьчыў, мужчыну. Той прыпаўшы к каленням гаварыў ей с цярпеннем:         Дык усё, што было, ўжо далёка… I твае уздыхання, і тваё прывітанне         Аткупіў ваевода гатоўкай. Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак,         I любіць, і цярпець мушу здаля, А ён с сэрцэм каменным бразнуў золатам зменным,—         Ты яму прадалася без жалю. Ён што вечара будзе песьціць белые грудзі,         С табой цешыцца ў пуху лебяжым; Намаю на загубу цалаваць шчочкі, губы         Твае будзе цалункам уражым. Я на коніку верным гэтым полем бязмерным         Мкну сюды, за мной — холад і слоты, Мкну вітаці ўздыханнем і ад’ехаць з жаданнем:         Добрай ночкі і доўгай пяшчоты. Ўсё яна йшчэ, як глуха; ён ей шэпчэ на вуха         Тые жальбы, ці новы закляцьця; Аж прымлеўшы, без сілы ручкай грудзі аткрыла         I ў яго патанула абняцьце. Ваевода с слугою сталі ту-ж пад вярбою,         I з-за пояса бралі набоі,— Атсекалі зубамі, прыбівалі штымплямі         Жмені пораху й шроту удвое. Пане! — так казак клічэ, — нейкі чорт мною смычэ;         Не магу я застрэліць той дзеўкі: Як свой курак адводзіў, я ўздрыгнуў, бы на лёдзе,         І зьляцела сьлеза да панэўкі. Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць, я наўчу цябе плакаць…         На, тут с порахам гданскім сакеўку; Усып патпалу а жыва, ногцем шчысьці красіва,         Ды ў свой лоб стрэль, ці ў гэтую дзеўку. Ў права… выжэй… памалу… жджы майго самапалу:         Жаніха перш зьмяту на заўсёды!.. Ўзьвёў казак курак, сцэліў, не чэкаючы, стрэліў,         I ўгадзіў ў самы лоб ваеводы.