Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 5

Янка Купала

Песьня-байка

З-за далёку, із усходу Віхар мчыцца ў непагоду,         Байкі сее маладые;         Думка чуе, думка ные… …Ціха — Бачце: штось віднее, Льецца нейкая надзея,         Штосьці едзе з новым сватам,         З новым шлюбам с хаты ў хату… Скінь лахманец непазорны. Пыл згані з ваконцаў чорны,         Пыл змяці хутчэй з ваконца,—         Шэпні-клікні: сонцэ! сонцэ!.. Бытцам с песьняй, бытцам з ласкай, С чараўніцкай нейкай казкай         З-за далёку, із усходу         Віхар мчыцца ў непагоду…

Прад сьвітаньнем

Ціха… Бачце: штось варушыцца,       Штось паўстаці хоча; Перажытасьць гнецца, крушыцца,       Новы сьвет шапоча. Сонца зь цемрамі змагаецца;       Мох зьлятае з хат і пунь; Даль за даляй ажыўляецца;       Ўсходзе ядраная рунь. Дрыгацяць напасьці-пошасьці,       Аціхаюць совы, Разьнімаюцца з паношасьцей       Крыльлі гругановы. На курганішчы спускаюцца       Туманы жывой расой I па пустках расплываюцца       Бесканечнай паласой. Доляй-мачыхай прыдаўленых       Зоры аклікаюць, Ля магілішч акрываўленых       Валахі чакаюць.

Маладая Беларусь

Вольны вецер напеў вольных песень табе,       Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам, Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,       Зоры веру ўлілі сілам зломаным. І ў час буры, нягод і вялікіх надзей,       Зацьвіла, расьцьвіла даўгажданая І крыніцай жывой над айчызнай сваей       Паплыла, пацякла неспыняная. Паплыла, пацякла зь сьветлай казкай жыцьця       Полем, лесам, гарой і далінаю… З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,       Ўся сама — ясната лебядзіная. Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,       Узьнімаеш мінуўшчыну даўнюю; Час сягоньняшні уперад ісьці не пыніш       І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную. Сьмела ў сонца ідзеш, як жывы агняцьвет,       Сееш ласкавы сны залацістыя; Не пужае сумежны дакучны сусед,       Не пужае пуціна цярністая. Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца       Абнаўленьня павевы расходзяцца, Абнімае душу без граніц, без канца       Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца. Ўжо ня так тапары у зялёным бары       Хвойкі валяць зімой маразянаю, Ўжо ня так касары ад зары да зары       Летам звоняць касой адкляпанаю. Значан гарт у руках, чутна песьня бязь сьлёз,       Грудзі славы надзеяй калышуцца, Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос       Наўсяды людзьмі новымі пішацца. Расьцьвітай жа, узьнімай на арліных крылах       Душы, сэрцы і думы заспаныя, Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг       Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную. Высылай, рассылай на край сьвет пасланцоў,       Як з гнязда сакалінага сокалаў, Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,       Хай грымяць весткай добраю ўвокала. Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так       Сіратой начавала забытаю, Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,       Косьці вецер тачыў непакрытыя. Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,       Над крыжамі бацькоў, над нягодамі; Занімай, Беларусь, маладая мая,       Свой пачэсны пасад між народамі!..