Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 6

Янка Купала

Выйдзі…

Ўстань ты, старонка, родная маці! Годзе зімовага рабскага сну, Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, — Выйдзі на поле, на сенажаці,            Выйдзі спаткаці вясну! Скінь лахманы, што доўгія векі Ты валачыла з кастры, з палыну; Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі, Што над табою строіла зьдзекі, —            Выйдзі спаткаці вясну! Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам Яму глыбоку табе не адну; Сьнежныя наспы мела начлегам… Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…            Выйдзі спаткаці вясну! З поўначы сівер кідаў табою, Як абадрану зь лісткоў галіну; З захаду зьверы йшлі чарадою Рваць твае грудзі… Выйшла жывою, —            Выйдзі ж спаткаці вясну! Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі, Мучылі, гналі бяз часу ў труну, Казак вучылі, што ты ў магіле, Толькі ж бліск сонца здраду асіліў —            Выйдзі спаткаці вясну! Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся, Птушкай свабоднай сягні ў вышыну З сонцам злучыся, зорамі йскрыся, Песьняй расьпейся, славай акрыйся,            Выйдзі спаткаці вясну! Сплецену зь церняў маеш карону, Хорам твой — неба і нівы краса, Царства ў чатыры дрэмле староны, Слугі — мазольных рук міліёны…            Выйдзі… Чакае вясна!..

Ты, зялёная дубрава…

Ты, зялёная дубрава, Сон скідай, расьцьвітай, I шумеці добрай славай Не кідай на ўвесь край. Гамані, расходзься шумам Ад мяжы да мяжы, Ўлі надзею вольным думам, Аб усім раскажы. Казку быўшых песьнясьпеваў Распалі, разагрэй; Разьмяці управа, ўлева Сухацьвет, сухавей. Маладыя загаворы Ў ход пусьці, сатвары; Яснаглядам долы, горы Асьвянці, прыбяры. Кінь разгонна весьці сьвету Аб сабе, аб сяўбе I да неба вестку гэту Данясі у кляцьбе. Абніміся зь нівай роднай I душой, і грудзьмі; Край прыбіты, непагодны Ўскалыхні, падымі…