Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 26

Іван Мележ

Убачыла раптам на падаконніку забытую сінюю паўрозу, якой спавівала Верачку апошнімі днямі,— сэрца аж зайшлося тугою, такой балючаю, што захацелася застагнаць. Усё, што ні трапляла на вочы, нагадвала пра Верачку, пра бяду, пякло тугою: коўдра, у якую дачушка была загорнута, калі везлі сюды, канапа, на якой пад абразамі малая ляжала ў тру не…

Калі пачула, што пастух крычыць, гоніць кароў, выйшла на двор. Каля павеці туга зноў заныла, запякла: на яшчэ мокрай чарнаватай зямлі рэзка бялелі свежыя абрэзкі дошчак, трэскі, пілавінне. Тут рабілі Верачцы труну.

Свет быў поўны тугі i пусты. У свеце не было самага дарагога чалавечка. Усё было нямілае, чужое.

Калі выгнала кароў, сярод вуліцы, хістаючыся, пацягнулася да могілак. На свежай горцы пясчаністай зямлі пад зараснікам маладзенькіх акацый быў яшчэ халаднаваты цень — села каля ўзгорачка, гарбацілася нерухомая, як раней, перад калыскай, калі малая спала.

Чула i не чула: станавілася цяплей, пахлі завялыя кветкі, гулі, звінелі камары i жучкі. За могілкамі час ад часу скрыпелі, лескаталі калёсы — людзі ехалі на сенажаць.

Тут знайшлі яе Хведзька i бацька. За імі падышла мачыха.

— Добрае месцечко выбралі! — сказала мачыха, азіраючы магілку, акацыі.— Анігадкі месцечко! Зелено ўсё, як прыбрано! І ёй, мабуць, хораша, што ў таком спіць! Бачыць жа ўсё, бачыць адтуль, толькі што голас падаць не можа… — Яна ступіла да Ганны. — Пасядзела, пабула — можно ўжэ i ехаць! На луг паедам.

— Паедам! — папрасіў i бацька.

Хведзька глядзеў моўчкі, спалоханымі вачыма. Яна ўстала, між крыжоў i сосен падалася к калёсам. Калі паехалі, мачыха гаманіла, аб чым прыйдзецца, старалася адагнаць ад Ганны паганыя думкі, бацька ж маўчаў, адно ўважпіва i сумна паглядваў на дачку. Ужо ў лесе ён аддаў лейцы Хведзьку, развязаў торбу.

— Пад’ела б мо? — Чарнушка даў Ганне хлеб, крышанок сала.

Ганна ўзяла, але ела так, нібы не чула ніякага смаку. Маўчала, аж пакуль не даехалі да сенажаці. І рабла, памагала сваім таксама моўчкі, з такім выглядам, нібы не помніла, не ведала, што робіць. На Глушакоў нават i не зірнула, быццам ix не было тут, на балоце.

Толькі пад поўдзень мачыха завяла яе да Глушакоў. Ганна пайшла без ахвоты, але усё, можа, абышлося б мірна, калі б ля дубка яна не убачыла калыску дачушкі. Калыска вісела, як раней, затуленая полагам, нібы там была яшчэ Верачка. Ганна, калі убачыла гэта, упала перад калыскай, зайшлася рыданнем.

Тут падышоў да яе Яўхім. Потны, абгарэлы на сонцы, пастаяў трохі, хацеў супакоіць:

— Ну, хваціць ужэ! Будуць шчэ дзеці, не зломкі ж самі! Не старыя!.. — Думаў, так хутчэй пераб’е плач, пазваў: — Хадзем! Дабро прападае!..

Ганна раптам ускінулася, вочы — лютыя, гараць. Як пракляла:

— Няхай яно згарыць, ето ваша дабро!

Раздзел трэці

1

Гора, якое было Ганне такім вялікім, багата каго з куранёўцаў не вельмі засмуціла.

Нямала хто падзею гэту зусім не палічыў за вартую нейкай увагі: ёсць бедаваць пра што — памерла малое, бы якое дзіва, бы рэдка ідуць яны на той свет! Якраз жа ў гэту пару найбольш i косіць ва ўсіх старая ведзьма людскі прыбытак! Кaлi хто i адгукнуўся на Ганніна гора, то амаль адны жанкі; але i яны жалкавалі не вельмі, ледзь не кожная зазначала са сталым жыццёвым спакоем: не суджана, значыцца, на раду ўжо так напісана. Доля ўжо такая…