Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 24
Іван Мележ
Некалькі разоў падыходзіў да дзвярэй, намерваўся ўвайсці i — стаяў нясмела. Не хапала адвагі. Лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Дзіўнае рабілася з ім: i ўвайсці сілы не было, i адступіцца, адарвацца ад дзвярэй — ніяк. Нібы ланцугом прыкаваны. Падыходзіў, адыходзіў, як прыкаваны, папракаў самога, здзекаваўся нават з сябе. Потым злосць узяла на сваю нерашучасць, стаў нібы смялей… Цяпер — ці ніколі! — адагнаў усё і, не разважаючы больш, не вагаючыся, адчыніў дзверы.
У цемры Сцяпан стаў, агледзеўся — дзе яна. Не так убачыў, як угадаў — на ложку ляжыць, але не пайшоў да яе. Пачакаў, думаў, што запытаецца, адгукнецца якнебудзь. Яна не адгукнулася. Тады нясмела, ціха стаў набліжацца да ложка — няўжо спіць?
Як грымела сэрца, калі спыніўся, нахіліўся над ёю — прыслухаўся, прыгледзеўся зблізку. Аж нібы жарам абліло ад гэтай блізкасці, затлумілася ў галаве. Яна не спала, глядзела, але — гэта вельмі бянтэжыла — хоць бы варухнулася! Як нежывая!
— Таб-бе… можа… пагано?.. — выціснуў Сцяпан.
Ганна не адказала. Збянтэжанасць яго не толькі не прыціхла, а яшчэ памацнела, ён стаяў, скрануцца не мог. Толькі чуў, як грыміць яго сэрца i тлуміцца ў галаве. Цяпер кволасці ўжо не было, ён гатоў быў на любую адвагу, але — вось жа бяда: навошта гэта адвага, што рабіць? Як бы раптам перастаў цяміць.
— Mo што… трэба?.. Дак я…
Яна, замест таго каб парадзіць, павярнулася моўчкі, легла тварам уніз. Сцяпан пастаяў, трэба было штосьці рабіць — дакрануўся да яе, асцярожна паклаў руку на плячо. Далонь яго апаліла, гарачыня ўмомант заліла ўсяго, аж млосна стала. Хацелася, як ніколі, прытуліцца да Ганны, абняць. Ледзь пракаўтнуў гарачы камяк, што стаяў у горле:
— Ганна…
Як ён шкадаваў, як любіў яе ў гэты момант, якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся! Ён жыў толькі імі, толькі ёю! Каб яна сказала яму ў той момант памерці, ён памёр бы, мабыць, шчаслівы! Ён быў гатоў для яе на ўсё!
Яна сказала тое, чаго не чакаў. Ціха, ледзь-ледзь чутна, але так непрыхільна, недаступна, што яго нібы ўдарылі:
— Адыдзі.
Рука яго сама сабой адскочыла ад Ганнінага пляча. У адзін міг жаданае, блізкае стала далёкім, недасяжным. Чуючы, як усярэдзіне ўсё пахаладзела, не разумеючы як след нічога, Сцяпан паплёўся назад да дзвярэй.
7
Усю ноч Ганна праляжала як нежывая. Не было ў яе думак, не было, здавалася, ніякіх пачуццяў. Паўзлі толькі, паволі, нячутна, як нежывыя, згадкі-малюнкі, паўзлі адзін за адным, спыняліся, вярталіся, блыталіся.
То бачыла, як малая стрыжэ ножкамі, як камары апаноўваюць кволы тварык… То бачыла, як ківаецца яна на руках, беленькая, нібы заснула, — калі везла з лугу. Як нерухома ляжала ў начовачках, калі мылі апошні раз, калі адзявалі сарочачку… Чула, як скрыпала кола, калі ехалі на могілкі, як, асыпаючыся, шархацеў на труну пясок… І раз, i другі, i безліч разоў, адводзячы друпя згадкі, наилываючы на ix, бачылася беленькая, спакойная галоўка Верачкі на падушцы ў труне… Усё, што ні ўзнікала, ні паяўлялася ў памяці, праходзіла дзіўна спакойна, як бы не адгукалася ў Ганнінай душы, не чапала яе, не трывожыла, не вярэдзіла болем. Нібы не было ні болю, ні гора, нібы перастала раптам чуць ix. Усё бачылася, бралася як нежывою. Да ўсяго была нячуласць. Нячулая галава, нячулае сэрца, сама ўся нячулая…