Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 27
Іван Мележ
Вялікі павяліцель — клопат пра гаспадарку, які вымеў у адзін дзень Курані, выгнаў усіх на сенажаць, — сам па сабе не даваў бедаваць пра нечае гора, гнаў з душы, як непатрэбшчыну, усё пабочнае. З чужых гэтую вестку блізка да сэрца ўзялі, можа, толькі Васіль ды Хадоська. У абаіх Ганніна бяда адгукнулася незвычайна, складанай супярэчлівасцю пачуццяў. Няпроста было цяпер усё ў абаіх з Ганнаю. У шчырае Васілёва шкадаванне пра Ганніна няшчасце ўвесь час улазілі ўспаміны пра карчоўскія крыўды…
Хадосьцы вестку пра Ганніна гора прынёс брат Іванка: яны з бацькам касілі ўжо; седзячы каля воза, чакаючы шчаўя, якое налівала матка ў місу, сказаў Іванка спакойна, без здзіўлення ці спачування — проста паведаміў, што ёсць такая навіна. Хадоська ад неспадзеўкі аж дыхаць не стала, стаілася: не толькі таму, што навіна была такая, а больш таму, што яна кранула чулае, балючае ў душы.
З нейкай, ужо звычайнай пры такой гаворцы, пільнасцю чакала, што зробяць, што скажуць бацька i матка. Матка адно ўздыхнула, з папрокам зірнула на Іванку: чула, мабыць, ужо ад некага; бацька ж строга буркнуў:
— Еж.
Іванка i бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком, моўчкі пашаргалі лапцямі да кос; Хадоська памагла матцы: з міскай, з лыжкамі схадзіла да лужынкі пры кустах, перамыла, выцерла ўсё. Накрыўшы памытае ручніком ад усякай балотнай нечысці, Хадоська ўзяла граблі. Ветрык хадзіў яшчэ ранішні, свежы, але чуўся ўжо i подых недалёкай гарачыні. Хоць i нямоцна, пякло шыю i рукі; трава вяла, i кусты i стажкі наводдаль пачыналі брацца смугою, дрыжаць. Сонца зіхцела па ўсёй шырыні балота, калі Хадоська ўзяла рупіцца побач з маткаю — пераварочваць, варушыць яшчэ не падсохлае сена; ад сонца гэтага, ад ранішняй дужасці ў руках, ад звыкласці клопату забылася, сышла з душы прыкрасць, супярэчлівая няёмкасць, якую дала Іванава вестка. Не думала ні аб чым, варушыла толькі граблямі, поўнілася толькі ціхім клопатам працы, сонечнай цеплынёй, ранішняй свежасцю. Праўда, вочы як бы самі сабой беглі то туды, дзе за кучарамі лазы былі ўсе дні Ганна, Карчы, то к дарозе, што паўз лес ішла к сялу. Яшчэ здалёк заўважыла калёсы, пазнала Іанну, Яўхіма, старую Глушачыху; калі наблізіліся, бачыла: Ганна прыпала амаль да калень, трымала малую на руках, як жывую. Вялікае гора было відно нават у тым, як яна курчылася над малой, нават зводцалек.
Хадоська вострым позіркам бачыла ўсё, усё разумела, але як бы нічога не адчувала; хоць бы на міг паявілася спачуванне ў яе зеленаватых, халодных, як ільдзінкі, вачах. Стаяла, не варухнуўшыся, прыціскаючы востры канец грабільна да грудзей, хвіліну, другую не зводзіла вачэй i чула ў сабе непарушны спакой. Быў спакой, хоць там сядзела Ганна, хоць побач груганом горбіўся той, хто даў ёй, Хадосьцы, столькі гора, хто, можна сказаць, скалечыў ёй усё жыццё. Хадоська глядзела спакойна, можа, упершыню за гэтыя гады так спакойна: Бог пакараў ix! Заступіўся за яе: пакараў за усе!