Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 28

Іван Мележ

Прасачыла, як калёсы схаваліся ў лесе, i — заварушыла звыкла граблямі. Рабіла ўсё так, бы i не было блізка гора. Бачанае, праўда, трохі яшчэ жыло ў памяці, але не вяло ў душу жалю.

Не думалася. Чула толькі Бога; поўнілася яго праўдаю, яго сілаю.

Хутка i зусім забыла ўсё, чула адно ў руках цёплае грабільна. Бы i не было нічога, акрамя грабель, акрамя шаматкога сена, спрыту, дужасці ў руках.

Зацятая, шчырая Хадоська ў працы: не стане, каб i пот сцерці з твару, загарэлага да чырвані, як бы распаленага спекай; толькі вочы, памутнелыя ад утомы, з белымі, выгаралымі ад сонца вейкамі прыжмурыць, калі пот наплыве, нецяргіліва махне рукою. Праўда, каса часам развяжацца, закоўзаецца па плячах, па спіне — тады прыпыніцца, хуценька прывяжа, накрые хусткай — ды зноў за граблі. Валасы, што бялюткімі кудзеркамі выбіваюцца з-пад хусткі ля шыі, пацямнелі, мокрыя, аж вада цячэ з ix; цячэ вада па гарачай шыі, па твары з крапінкамі-канаплянкамі, салоніць губы, але Хадоська ганяе i ганяе граблі. Калі-нікалі яшчэ похапкам вытра асмяглыя, пачарнелыя ў куточках губы: страшэнна сушыць смага. Як мара, успамінаецца біклажка пад возам. Толькі Хадоська не бяжыць да яе, трывае. Умее трываць Хадоська!

Харошая яна сабою стала, красуня-канапляначка! Невялічкая, "акуратная", як казаў Хоня, яна яшчэ пакруглела, здаецца, уся налілася дужасцю. Дужая стала яе шыя, дужыя паўнаватыя рукі i пругкія ногі, поўныя грудзі напіналі высока палатняную кофтачку. І хадзіла, i стаяла Хадоська прама — заўсёды i ў паставе, i ў рухах яе чуліся пругкасць i дужасць, хараство не абы-як здаровай дзяўчыны ў самай пары спеласці. І яшчэ чулася ў Хадосьцы нязнаная калісыді годнасць, строгасць: строгія былі вочы, строгія губы, што, здавалася, не маглі смяяцца. Харошая была Хадоська асабліва цяпер, у заўзятасці працы, з пацямнелымі, як бы хмарнымі, вачыма, з гарачымі губамі, з гарачым подыхам; у тым, як яна рабіла, бачылася, колькі ў ёй i дужасці, i маладога агню. Прыгожая яна была сярод куп сена i лазняку, сярод зіхотнай, залітай сонцам сенажаці. Толькі не было каму любавацца ёю, усе, нават Хоня, жылі сваім клопатам, рабілі; адна маці раз-пораз паглядвала, але не так з любаваннем, як ужо са звыклым жалем за немаведама чаму няўдалы дзявочы лёс яе. Тут, на балоце, матчына жаласць часта была не толькі пра Хадосьчын лёс: шкадавала маці — няхай бы перадыхнула трохі! Шкадавала, але не гаварыла Хадосьцы: ведала, што тая ўсё роўна не паслухаецца!

Нарэшце, дзякуй Богу, уткнула граблі ў купіну. Падалася да воза, набгом п’е з біклагі. Паставіла біклагу зноў у ямку пад возам; магла б сесці, пасядзець хоць трохі. Дык не ж — зразу ж рупліва прастуе да грабель. Ідучы, касу перавязвае, выцірае твар…

Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы, з бацькам, з маткаю, з Іванкам складвала стог. Нарабілася так, што ішла цёмным балотам к свайму агеньчыку як не сваімі нагамі. Усё цела было як не сваё. Ледзь сагнула спіну, каб памыцца з лужы каля куста. Але яшчэ ўзялася памагаць матцы падаць вячэру, зноў памыла потым посуд, лыжкі.