Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 25

Іван Мележ

У яе нячуласці непрыкметна для Ганны цвярдзела, камянела нячуласць да Глушакоў. У гэту ноч перасталі што-небудзь значыць ёй глушакоўскія хата, двор, хлявы, самі Глушакі, датлела, спапялілася тoe, што жыло да ix — пакора, цярплівасць, старанне дагадзіць…

Толькі на світанні, калі ў паяснелыя вокны глянуў звычайны, такі знаёмы свет, які ўсё шырэў, прасторнеў, пачынаў праменіцца, штосьці варухнулася, ажыло i ў ёй. Калі на раме зіхатнула, зайграла сонца, як бы льдзінка нейкая бліснула ў Ганне, стала таяць. Начны каменны цяжар раптам сиаў, Ганне палягчэла. Але так было толькі міг, зразу ж за гэтым ажылае сэрца пранізала тугою.

Дзень вяртаў да рэальнасці. Зноў рушылі згадкі, але ўжо не ціха, не паволі, a імкліва, неспакойна. Праява за праявай ажывалі зноў у памяці. Усё, што было на балоце, у навальнічныя ночы, душныя дні, апошнія дні Верачкі. Ад успамінаў ужо балела — чым далей, тым больш. Заныла, запякла думка: а можна было б дачушку ўратаваць! Магла б Верачка не ў труне ляжаць, пад важкай зямлёй, а жыць, жыць! Стрыгчы ножкамі, смяяцца, радавацца, расці, дужэць! Магла б — калi б не глушакоўская прагавітасць, не ненажэрнасць праклятая! Калі б не свая віна: што слухалася ix, сядзела — тады, як трэба было хутчэй бегчы па ратунак! Не ўратавала, дала загубіць маленькую! Загубіла, можна сказаць, сама!..

"Бог — даў, Бог — узяў", — успомніла свёкравы словы. Сэрца заліла нянавісць: загубілі малую, ды i вінаватых няма! На Бога ківаюць, нібы трэба Яму гэта згуба!.. Hi сэрцаў, ні літасці, ні сораму! 3-за нейкай жмені сена чалавечка, дачушачку давялі да згубы, ды i хоць бы падумалі, грэх узялі на сябе!.. "Бог — даў, Бог — узяў!"

Божа мой, калі Ты ёсць, калі Ты бачыў усё, — няўжо Ты не адгукнешся неяк, даруеш ім? Няўжо даволі адной малітвы старога, каб Ты забыў на усё? Не, не можа быць, што ім так абыдзецца гэта! Не можа ж быць, праўда?..

Не было дзе дзецца ад думак, што i сама вінавата. Вінавата больш за каго-небудзь! Хіба ж не магла б кінуць усё i пайсці, пабегчы з малой на руках! К бацьку пабегчы, бацька даў бы каня, калі ўжо такое! Нашто ж сядзела, чакала, марнавала дачушачку! Нашто слухалася старога ненажэру!.. Сама вінавата, сама!.. Даруй мне, маленькая! Даруй, кветачка мая нерасцвілая!

Думкі віхурыліся, пяклі, каралі. Не магла ўжо трываць ix, як хворая, узнялася з пасцелі. Трэба было нешта рабіць. Кволая, амаль без сілы, ледзь цягнучы ногі, патупала па пакоі. Не думала, што рабіць, ні аб чым не думала. Не магла думаць. Як заведзеная, выйшла ў цемнаватыя сенцы, у куток, дзе на лаўцы стаяла вядро з вадою, напілася i зноў, як заведзеная, пацягнулася ў хату.