Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 23
Іван Мележ
Дзіўны бацька, не мог даўмець, чым яна ўзяла Яўхіма! Ды яна каго хочаш прывабіць, заваражыць можа! Скажы яна адно слова Сцяпану — i ён, здаецца, пойдзе за яе ў агонь i ў ваду!
Можа, не было б гэтага жадання, гэтай ласкі да Ганны, калі б было ёй добра, калі б бачыў, што душа яе поўна сваім шчасцем. Калi б не заўважыў, што i Яўхім, маўклівы, пануры, затоены ў горкай i злоснай недавольнасці, рэдка-рэдка калі гляне на яе радасным, замілаваным вокам! Чуў, не раз пераконваўся Сцяпан — не любіць яна Яўхіма, так толькі трывае. І ў Яўхіма якая любоў, калі ў той любові не столькі дабраты, колькі крыўды i спасцярожлівасці.
Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова! Але з гэтым лезла, вярэдзіла душу важкая вінаватасць: нядобрай, грэшнай чуў гэту неадступную ласку да братавай жонкі. Дакараў, лаяў сябе: ведаў, што грэх i здрадніцтва — ласка да Ганны, a нічога не мог зрабіць, каб з гэтай бядою ўправіцца. Не адступала, тачыла душу развага: а чаму грэх, калі яна не любіць Яўхіма?
Не любіць Яўхіма. І ўсё ёй тут не люба. Вырвалася б з радасцю, пайшла б куды вочы глядзяць! І ён, Сцяпан, мог бы пайсці з ёй, куды зажадала б, — абы воля, абы прастор. Абы — разам… Няхай толькі слова скажа!..
Але яна не гаворыць гэтага слова, нібы i не заўважае нічога. Думае, мабыць, што ён проста брату прыяе…
Цяпер ёй так цяжка. Усю ўцеху страціла… Ёй так трэба цяпер апора, апора i — воля. Там, у другім месцы, нішто не напамінала б ёй пра бяду… А што, калі пайсці i сказаць ёй, каб не бедавала вельмі, супакоіць хоць трохі. А то яна — адна са сваёй бядою, мучыцца адна. Хоць думкі ёй адвесці ад бяды… Пайсці пасядзець удваіх — падтрымаць.
А ён падтрымаць можа — не малы ж ужо. Каб прыйшлося, дык i сам сабою жыць мог бы — зможа, калі прыйдзецца, сваім хлебам пракарміцца. Не прывыкаць рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а дзе трэба, то i граматай падрабіць зможа. Пражыве, калі што якое!.. І другім з ім жыць было б анігадкі — прыпяваючы маглі б жыць, не тое што з бацькам i Яўхімам! Ён-то не марнаваў бы работай без перадыху i не глядзеў бы па-воўчы…
А што, калі адважыцца i выказаць усё? Выказаць усё чыста — нашто ёй i яму цярпець немаведама для чаго! Таіцца, выжыльвацца дзень пры дні, душыцца, прасветліны не бачачы!.. Калі багата хто жыве інакш, на-людску, калі i ім жыць па-людску не закрыта дарога!.. Толькі адважыцца — i пачнецца новае, вольнае, жаданае… Бацька i Яўхім прыедуць, а ix i след прапаў — шукай ветру ў полі!.. Сцяпан аж устаў з палка, захадзіў па хаце, выйшаў на ганак — сэрца шалёна білася. Пайсці. Сказаць усё!..
Ступіў на яе ганак. Да яе дзвярэй. Але тут раптам апанавалі яго неадольная кволасць i нясмеласць. Ён стаў, прыслухаўся: можа, плача, тады ён увойдзе, стане суцяшаць — i скажа ўсё. Так было б лепш. Аднак плачу не было чуваць. Ён адышоў ад дзвярэй.