Читать «Над ракою Арэсай» онлайн - страница 7

Янка Купала

V

Да саўгаса «Сосны» Па балоце — рэйкі,— Гэта ад камуны Йдзе вузкакалейка. Правялі ударна Па даўгім абшары Зімою мінулай Яе камунары. Не было ў іх спецаў, Ані там прарабаў, Самі ж яны зналі Інжынерства слаба. Зналі адно толькі, Што чыгунка трэба, Як дождж на пасевы, Як да стравы хлеба. Гутарак нямала Прыйшлося правесці, А тут з мінскіх цэнтраў Аніякай весці. Раяцца, мудруюць Камунары чынна; Думка аб чыгунцы Ім загнала кліна. Узяцца проста з моста За гэтую справу, Нарабіць так можна Шкоды для дзяржавы. За блытню ж такую Дасціпных малойцаў Ужо не пагладзяць Гладка па галоўцы. Раяцца з сабою Весела, то хмурна, Часам згодна, ціха, Часам вельмі бурна. Аж тут абазваўся Громка Адзярыха: — Будзем мець чыгунку, Хай мне будзе ліха! Служыў на заводзе Калісь я ў майстэрні, Склёпываў рысоры, Складываў шасцерні. Вылажу й чыгунку, Будзьце ўжо спакойны. Усё, што належа, Зробім самастойна. Пад яго камандай Пайшла справа гладка… I палеглі шпалы, Як за кладкай кладка. Па іх рэйкі — шнурам, Як на скрыпцы струны. I ўжо ўсё гатова,— Карыстай, камуна! Строіў Адзярыха Для працоўных масаў, Чырвонаармеец, Адстаўны да часу. Не вучыўся ў ВТУЗах, Не быў інжынерам, Камунар быў толькі, На аўто шлях мераў. 3 тым ці іншым стажам, Але камуністы, Пралажыў чыгунку Па шляхах дрыгвістых. * Бягуць каляіны У сем кіламетраў, Цягнік — па калеях,— Адно свішчуць ветры. Камунары пішуць — Стараюцца ўмела,— Што ўжо іх чыгункай Можна ездзіць смела. — Прыедзьце, ўпішыце Ў дзяржаўны прыбытак, Правам узаконьце Новы наш здабытак. Прыехалі «спецы»,— Як жа не прыехаць,— Пачалі дарогу Аглядаці нехаць. — Як так? Дзе дазволы? — Пачалі адразу: — Хто форміў па форме Падрады, заказы? — Хто месца адводзіў? Планаваў хто планы? Чаму цыркуляры Ў вас не захаваны? I ўсё так бурчэлі, А зласней, чым далей, I не далі рады: Каляю прынялі. * Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік, I павёз, і павёз За возікам возік. Ваганеткі бягуць Па рэйках чыгунных Туды ў «Сосны», ў саўгас Ад самай камуны. Ад саўгаса назад У камуну едуць. Колькі радасці той, Трэба толькі ведаць! То не жарт, то не смех,— Маюць на падмогу Ў гаспадарцы сваю Жалезну дарогу. Ты кукуй, не кукуй, Зязюлечка-птушка… Камунарцы цягнік Празвалі «кукушкай».