Читать «Творы» онлайн - страница 7

Франтишек Богушевич

Дурны мужык, як варона

Весь свет кажыць, б'ець у звона: «Дурны мужык, як варона!» Гэта тыкі справядліва: Ён дурнейшы ад вароны, І не дзіва — было б дзіва, Каб мужык ды быў вучоны.           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Да навукі ён не браўся, Закасіўся, заараўся; Дурнем умрэ, як радзіўся, Сам сабой дурным зрабіўся, Ведама, мужык — хамула — Ад навукі адвярнула!           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Ці ж не дурань мужык гэта: Гарэ, сее усё лета, А як прыйдуцца дажынкі, Няма збожжа ні асьмінкі, А даждаўшы на Каляды, Мужыкі мякінцы рады.           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Усю зіму возам цягне Да вакзалу ружнэ збожжа, Ногі змерзнуць, сам засмягне, А на хлеб кажух заложа, Каб дажыць як да крапівы, Абы ў поле выйшаў жывы.           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Ад Пятра і да Якуба Ён касой махаў ад рання: Наклаў стагоў, людзям — люба, Ў хаце ж сена — анізвання; Равець з голаду скаціна, Хоць кінь, бяжы за вачыма!           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Глядзі, касцёл аж да неба, Воласць бляхамі пакрыта! Срэбрам скрые, калі трэба, Бо за гэта яго біта, А сам жывець ў мокрай яме, Дзверы заткнуў анучамі!           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! З камаровы нос сякерку Сцісне, крэкне, замахае, — Зробе пушчу, як талерку, Свет дрывамі закідае! А у хаце — зварыць страву, Пашчапае стару лаву!           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона! Глядзі! горы паразрыты, А чугункай свет абвіты: Ўсё з мужыцкай цяжкай працы, Усе едуць у палацы; Ў мужыка ж няма білета! Ці ж не дурань мужык гэта?           Дык крычыце ж, біце ў звона:           Дурны мужык, як варона!