Читать «Творы» онлайн - страница 6

Франтишек Богушевич

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з'ядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а после Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…

Мацей Бурачок

Мая дудка

Эх, скручу я дудку! Такое зайграю, Што ўсім будзе чутка Ад краю да краю! Ой! то будзе гранне, Як на павітанне І як на васэле, Нядоўга тыкеле: Прэндка скончу песні… Покі дудка трэсне, Ці паглохнуць людзі, Ці высахнуць грудзі, Сілы надарвуцца На радаснай дудца, І выцякуць слёзы На сухія лозы… Выйдзе душа парай, Падымецца з хмарай, Туманом па рэчца Расой разліецца, Каласочкі зрося, Каб жыта ўдалося, А хлеб з'ядуць людзе, І зноў сляза будзе. Ну, дык грай жа, дудка, Каб жа была чутка, Каб аж вушы драла; Каб ты так іграла, Каб зямля скакала! Заграй так васола, Каб усе у кола, Узяўшыся ў бокі, Ды пайшлі у скокі, Як віхор у полю — Аж выючы з болю, Каб аж рагаталі, А усё скакалі… Каб скакалі горы, Як фаля на моры, Як паны на балі, — Каб вот як скакалі! Каб аж пыл курыўся, Каб свет заваліўся Ды усё круціўся, Як у нашага брата У п'янога хата…           Га! чаму ж не граеш? Хіба ты не знаеш, Не ведаеш хіба, Што, як тая рыба Ды на лёдзе б'ецца, Так вот я, здаецца, Сорак гадоў б'юся, Ніяк не звярнуся, Ніяк не натраплю Вадзіцы хоць каплю, Ды такой вадзіцы, Ды з такой крыніцы, Што як хто нап'ецца, Дык вольным стаецца. Грай, васола ж грай Альбо долю дай!.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Енчыш безумолку! Не, не будзе толку! Кіну ж дудку тую, А зраблю другую,           Цяпер зраблю дудку Ад жалю, ад смутку, Га! зраблю ж другую, Жалейку смутную, — Ды каб так заграла, Каб зямля стагнала, От каб як заграла: Каб слязьмі прабрала, Каб аж было жудка, От то мая дудка!.. Вот зрабіў такую! Дай жа папрабую…           Ну, дык грай жа, грай жа, Усё спамінай жа… Штодзень і штоночы Плач, як мае вочы, Над народу доляй, І плач штораз болей. Плач так да астатка, Галасі, як матка, Хаваючы дзеці, Дзень, другі і трэці Іграй слёзным тонам Над народу сконам! Каб ты так іграла, Каб немарасць брала. Як слязы не стане, Заціхне ігранне, — Кінь наўкола вокам, Дык крывавым сокам — Не слязой — заплачыш, Як усё абачыш. Як крыві не стане, Тагды кончу гранне!