Читать «Творы» онлайн - страница 9

Франтишек Богушевич

У судзе

Давялося ж і мне быць на велькім судзе, На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе: Мужыкі і паны, маскалі і жыды, Хто у чым, як папаў, - ўсё туды ды туды. Тут кажух, і шынэль, і бурнос, лапсардак, І сурдут, і мундзер… а адзін быў і храк (Так як куртка з хвастом), і брадзяжка была… Прыйшлі ўсе, і Пантурчыха навет прыйшла… Быў тут ксёндз, быў і поп, быў і рабін жыдоў, Толькі наш аліндар, той чагось не прыйшоў. Самы суд за шырокі сеў стол ўпяцярох, Шосты ходзе сабе, — ўсе ў залатых каўнярох, Як дукат на дукат, так на іх зіхаціць. (Каб я быў так багат — не хацеў бы судзіць.) Па аднэй старане душ чтарнасця сядзіць, Па другой — арыштант, той, што будуць судзіць, А прад ім — без палы, толькі хвосцік вісеў — Адвакат, што то меў бараніць, той сядзеў. Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок, Што у пушчы гдзесь меў патайны браварок. А акцызнік Яськоў браў з яго кубана, Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана. І акцызнік той быў, прысягаўся і ён, Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён, Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была, Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла… А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў, А таго ж не сказаў, як Пантурку даіў. Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць. Прысягаўшы на тым, трэба ж праўду казаць! Тут пытаюць мяне, а тут жаль Петрука; І мая ж у яго там прапала мука, І я думаў сабе выгнаць водкі з вядро На васэле дачкі (вот было бы дабро), Ды завёз Петруку дзве асьміны мукі, Дык якраз на той час наляцелі ж «крукі», Ды мяне ж павялі у той лес панятым, Каб ім дна не было і акцызнікам тым! Як спыталіся ўсіх, — прачыталі той «а х», Што злавіўся Пятрук (а набрэхана ж — страх). Там такое стаіць, што і ў думцы няма: Паравік, змеявік і якаясь шляма… Прачыталі ото і яшчэ там папер; Пагляджу ж, кажу я, што-то будзе цяпер? Прасцідацель сказаў: «Пяць мінут перарыў!» І ў каморку шмыгнуў, толькі ксёнжку закрыў. І усе паднялісь і пайшлі хто куды; Я застаўся сядзець, усё роўна з нуды. Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў, Што сядзеў на канцы і найболей пытаў; Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол, Як зачаў ён крычаць: «Прытакол, прытакол!» І казну спамінаў, і трубу, і кацёл, І муку, і мяшок… ды усё — «прытакол!». Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў; Калі — бразць! і я тут! — А бадай ты прапаў!.. Але хвале мяне, справядлівым заве, На Пантурку ж зіркне, — як скаціна, раве: «Вінават, вінават, няхай плаце казне, І ў турму, і ў Сібір!» — і яшчэ кудысь пхне… Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў, Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы ды з'еў. А сказаць бы, за што? — За сваё за дабро. Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро; Што за наўда яму, каб ён свету не знаў, Ці Пантурка з'еў блін, ці гарэлкі нагнаў? Потым стаў вылічаць свае страты акцыз: Той дык так бы зубамі Пантурку загрыз! Налічаў, налічаў — і двайну і трайну, Як шынкар у карчме тваю чарку адну. І начынне забраць, і худобу прадаць, Што ў казну, то ў казну, і яшчэ камусь даць, Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні. (У Пятра ж каб хоць грош, не то што, ў кішані. Смачны жабе гарэх, да зубоў Бог не даў — Каб акцыз тое меў, што ў Пантуркі забраў; Дзве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз, І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз.) Аж не сцярпеў той пан, што у куртцы сядзеў; Петруку штось сказаў, акуляры надзеў. Калі ж крыкне-зыкне, аж затросся той суд. «Гдзе тут, — кажа, — віна, чым Пятрук вінен тут? Што скацінку карміў працаваным дабром, Насіў брагу з двара на насідлах вядром? Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць…» Як зачаў гаварыць, як зачаў бедаваць, Дык Пятрук і не гнаў, і у лесе не быў, А то я вінават, я сам гнаў, і падбіў, І данёс на яго… Вінават я увесь! А бадай ты прапаў, а бадай цябе рэзь! Як ката дагары, так ён дзела скруціў: На мяне набрахаў, Пантурка зашчыціў. Я гляджу, што тут куц, — прападу, як сука, Бо мяшок тыкі мой, ды мая ж і мука!.. Калі дзверы «скрыпель»,                                    а я — «шусць» праз людзей, Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы бардзей; Прыляцеў аж у дом, бурачкоў трохі з'еў, Сказаў жонцы: «Маўчы ж!» Сам у лес паляцеў: На тым мейсцы, гдзе быў браварок Пантурка, Дай садзіць дзераўца, аж самлела рука. Сцежку мохам заклаў і след той так закрыў, Што ніхто б не пазнаў, гдзе і бровар, ці быў. Ды ізноў аж на суд, а суда ўжо няма, Толькі плача, клянець Пантурчыха сама. Пантурка адвялі-тыкі зараз ў астрог; Той куртаты зашчыт, як кадзідла, памог. Я ж якосьць уцалеў ад суда на той час. Каб жа Бог не давёў на той суд другі раз!