Читать «Творы» онлайн - страница 5

Франтишек Богушевич

Творчасць Ф. Багушэвіча — вяршыня нацыянальна-ўсвядомленай ідэі беларускага адраджэння ў XIX ст., звяно, якое аб'ядноўвае ўсю беларускую літаратуру XIX ст. з яе ўздымам на пачатку XX ст. Яна ўвасабляе прадвызначэнне адметнага шляху для нацыянальнага прыгожага пісьменства, прадчуванне магутнага ўздыму духоўнасці на роднай зямлі. Засваенне і развіццё папярэдніх дэмакратычных традыцый адразу было падхоплена маладой генерацыяй. Паэзія Багушэвіча паўплывала не проста на асобных творцаў, яна здзейсніла вялізны ўплыў на абуджэнне нацыянальнай свядомасці. "Рашучы штуршок беларускаму руху надала кніжка Мацея Бурачка "Дудка беларуская", якая выйшла ў Кракаве ў 1891 годзе на беларускай мове", — канстатаваў Я. Карскі. Гэтую думку яшчэ больш упэўнена паўтарыў італьянскі даследчык Дж. Месіна ў капітальнай манаграфіі "Беларуская літаратура" (Рым, 1952). Ён вобразна, дакладна выказаўся пра неацэнную ролю першых Багушэвічавых кніжак: "Калі ў новай беларускай літаратуры і можа быць метрычны выпіс яе нараджэння, дык гэта час апублікавання ў Кракаве твораў Мацея Бурачка (Ф. Багушэвіча)".

Чаму і праз стагоддзе "Дудка беларуская" запатрабаваная? Нават у выглядзе факсіміле. Бо ў ёй ад першага і да апошняга верша пульсуе праўда пра наш паднявольны, але нескароны народ. А ў паэзіі, як і ў жыцці, самы цікавы жанр — Праўда.

Язэп Янушкевіч

Дудка беларуская

Прадмова

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў — больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?