Читать «Творы» онлайн - страница 8

Франтишек Богушевич

Як праўды шукаюць

Як простая праўда згінула у свеце, Дык праўды і з свечкай шукаюць, І золатам маняць, і людзей склікаюць, І Бога цалуюць, — а ўсё-такі прэце, Як камень у воду, так праўда прапала! Судоў нарабілі, начальстваў ці мала: Пасрэднік і воласць, сынод і санаты, Прысуцтва і вокруг, управы, палаты. А найбольш міравых, участковых і з'ездаў, Што ў полі камення, што гвездаў! Затое ж жыццё цяпер труднае стала, У сведкі улезці, ні села — ні пала, Ад суду да суду праз лета цягацца Так лёгка, што навет не трэба старацца! Раз еду я ў Вільню адведаць сынка, Ажно пры дарозе пасецца кабыла, Стаіць чалавек якісь ля млынка, За млынам сука там брахала ці выла, І гдзесьці «ратуйце» крычала кабета, А мостам ляцела якаясь карэта. І што ж тут такое было? Мне здаецца: Хто едзе, хто вые, хто, можа, смяецца… (А мельнік стаяў у дзвярах і смяяўся. Чаго ён смяецца? — дык я ж не пытаўся!) Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, — Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі Без шапкі і босы, так шталтам убогі; Але я еду з сваім інтарэсам, Мне няма дзела больш ні да кога; Ляжачага ж люду усюды ёсць многа! Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці, Кліча: «Пастой жа для Боскай мілосці!..» Стаў я, чакаю, аж ён і пытае: Хто я, адкуль ёсць і хто мяне знае? І кажа вярнуцца мне аж да млыну, Сведкам ураднік зве на гадзіну. Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы, Мельнік цяпер ужо не смяецца, Кабылу сотнік цягне да стану, Цырулік кроў кінуў абмокшаму пану, Дзюра на мосце так, як на хату, Два хлопцы ловяць сучку кудлату; Баба стаіць у парванай спаднічцы, І кроў ёй цячэ па руцэ і па лытцы. Вязуць і труп той зараз на возе, Што я то відзеў, лежачы пры дарозе. Пытаецца ратнік мяне ды за сведка: Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка? Ці сучка парвала? А сучку ці білі? Ці відзеў, што ў мосце масціны пагнілі? Ці відзеў, як мельнік смяяўся? Як пан з фурманом у карэце купаўся? Як фурман ўтануў, а як пан ратаваўся? Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні? Як свіснуў кабылу і ляцеў на Рыконі? Ці знаю, хто то забіты валяўся? І кім забіты, ды каб я прызнаўся, Ці не я яго вёз ды после уклаў? Можа, меў грошы, можа, я іх забраў? (І дух мне заняў, сказаць слова не мог! Вот напасць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!) Чаму я не хацеў ратаваць фурмана? Чаму майстра таго не лавіў ля млына? Чаму сучкі ад бабы куслівай не гнаў? Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?.. Пратрымаў ён мяне цэлы дзень. А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель, Ён так спрытна яго запусціў у кішэнь. Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель Соцкі прэць мне павестак і шмат: Ў першай сведкам — як мельнік цкаваў, Ў другой сведкам — што мост без прыгат, Ў трэцяй сведкам — як коні хтось краў, Ў чвартай сведкам — як пан заваліўся, Як выплыў наверх, а фурман як заліўся, Ў пёнтай сведкам — што труп пры дарозе Быў убіты, а двое людзей уцякалі, І што я даганяў тых людзей ды на возе, А яны праз ламы удваіх паскакалі! Аж на шостай ужо дык я стаў вінават, Што ратунку не даў, як карэта плыла. Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд, Дык асеўся якраз, як Пакрова была!.. І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць, У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць. І што меў, то прадаў, пераеў, Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў; І ў казе адсядзеў нядзель шэсць, За няяўку плаціў, можа, трэйчы і штраф. Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць, А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф.