Читать «Творы» онлайн - страница 3

Франтишек Богушевич

У гісторыі станаўлення славянскіх літаратур зборнічак "Дудка беларуская", які выйшаў на свет увосень 1891 г. у кракаўскай друкарні У. Анчыца, не меў (дый да сёння не мае) аналагаў. Ні згаданым еўрапейскім сучаснікам Багушэвіча — Байрану, Гётэ з Шылерам, Міцкевічу з Славацкім, Пушкіну з Цютчавым і нават Шаўчэнку з Франко, ні потым у XX ст. ягоным наступнікам Купалу, Коласу, Багдановічу — не давялося пісаць да паэтычных слоў уступу, гэтак пафаснага і лёсавызначальнага.

"Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"". Як было тутэйшаму "цёмнаму" селяніну, што ўвесь век звекаваў у сваёй вёсцы, не верыць больш дасведчанаму, бываламу і разумнаму супляменніку, што гаворыць на адной з ім гаворцы: "…я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Як было ім не верыць чалавеку, хай сабе чужому-незнаёмаму, калі ў кожным яго сказе, у кожным слове гучала засцярога: "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі". Як было не пачуць закліку: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

У праграмнай "Прадмове" паэтам дакладна праведзена вызначэнне асноўных прыкмет існавання самастойнай беларускай нацыі: даўняя, праз вякі эканамічная і культурная супольнасць люду, што жыве на адной тэрыторыі разам з іншымі народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ("ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна…") і адзінства мовы ("…гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна і да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…"). Тэма нацыянальнага адраджэння ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" (а неўзабаве і да зборніка "Смык беларускі") становіцца асновай творчасці Ф. Багушэвіча. Яна была сугучная запатрабаванням эпохі канца пазамінулага стагоддзя. Калі трохі раней, у сярэдзіне XIX ст., Італія ўрэшце пайшла па шляху аб'яднання, словы яе вялікага паэта Франчэска Петраркі, напісаныя яшчэ ў XV ст. з заклікам да нацыянальнага ўз'яднання, захавалі тую ж, калі не большую, моц. Аналагічнае энергетычнае ўздзеянне захавае за сабой слова Багушэвіча праз чвэрць стагоддзя — да часу абвяшчэння незалежнай Беларусі. Прадмова Ф. Багушэвіча стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальнага адраджэння.

Рукапіс зборніка "Дудка беларуская" не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Я. Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў "Мая Дудка", "У судзе", "Воўк, ягня, авечка" (у зборніку ён змешчаны пад назвай "Воўк і авечка"), "Думка", а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды "Хцівец і скарб на Святога Яна". Аўтографы даюць падставы меркаваць, што "Дудка беларуская" кампанавалася ў 1886–1890 гг. Акурат да гэтага перыяду адносяцца частыя згадкі-выказванні Э. Ажэшкі пра Ф. Багушэвіча: "…Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават пакінуў мне іх копіі з асобным вершам, таксама напісаным па-беларуску, адрасаваным мне. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці здолеюць нашы сяляне зразумець і адчуць іх? На будучае