Читать «Творы» онлайн - страница 2

Франтишек Богушевич

2 лютага 1884 г. ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбаю звольніць са службы, а 25 сакавіка ступіў на віленскі брук, камяні якога памяталі ягоныя крокі з гімназічных часоў, убачыў горад сваёй маладосці. Быў ужо цяпер ён не адзін, а з жонкаю Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкаю, з якой узяў шлюб у 1874 г. і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. Такім чынам, пакідаў Францішак Беларусь у той час, калі на ёй заставаўся самотны Дунін-Марцінкевіч, які знаходзіўся ва "ўнутранай ссылцы". Вярнуўся, калі тут падрасталі Цётка, Ядвігін Ш., калі першыя самастойныя крокі рабілі Купала і Колас.

Царскія маніфесты ды амністыі выдаваліся падчас падзейных (хрост, шлюб, каранаванне манаршых асобаў) ці юбілейных урачыстасцей і распаўсюджваліся на пэўныя катэгорыі "палітычных злачынцаў", але ніколі не адрасаваліся "літвінска-беларускай" літаратуры. Раз не дазвалялася фінансаваць аніякіх тубыльскіх часопісаў, рэдакцый, а тым больш выдавецтваў, значыць, і літаратуры такое не існавала.

Бо калі маўчаць паэты — знямее давеку народ. "Марудна (дужа марудна, бо ад жыццёвых клопатаў застаецца мала вольнага часу і думак) нараджаюцца песні і іншага складу вершы", — скардзіўся Францішак у лістах да Яна Карловіча, спавядальна прызнаючыся ненашмат старэйшаму сябру (апекуну-мецэнату, з дапамогаю якога змаглі пабачыць друкарскі варштат за мяжою прыжыццёвыя Багушэвічавы паэтычныя зборнікі, найперш "Дудка беларуская"), што юрыдычныя талмуды адбіраюць лепшыя хвіліны жыцця.

З беларускага слова тады не было як пражыць анікому на абшарах былога Вялікага Княства, нават будзь ты таленавіцейшым за Байрана, Гётэ альбо за Міцкевіча ці хай сабе за Пушкіна. Рэкруцкі лёс паднявольнага Шаўчэнкі, выкупленага з "кріпацтва" лепшымі прадстаўнікамі расейскай культуры (25 красавіка 1838 г. у пецярбургскай майстэрні К. Брулова паэт В. Жукоўскі ўручыў Тарасу "адпускную"), а потым зноўку здадзенага "ў маскалі" без аніякага права пісаць хоць што-небудзь, сведчыў пра адно: расійскі царызм дэклараваў развіццё толькі "дзяржаўнай" мовы.

Чаму? Апалагеты "адзінай і непадзельнай" пры самым першым з'яўленні зборнічкаў Мацея Бурачка пабачылі "в такого рода сочинениях тенденцию… разбить и ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа". Але чаргуючы ўздымы і заняпады (апошняга было для нас куды болей, над сілу), Беларусь праз усё XIX стагоддзе ішла да сябе — вольнай і незалежнай. Таму калі 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны адышоў Францішак Багушэвіч, alias Мацей Бурачок, vel Сымон Рэўка з-пад Барысава — з ім адышла цэлая змагарная эпоха. Бо менавіта аўтару "кантрабандных" (спрэс замежных зборнікаў) поруч з заснавальнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам ды іншымі пачынальнікамі ўдалося закласці падваліны для развіцця новай беларускай літаратуры.