Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 4
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— А што гэта вы са мною так адверта? — спытаў Вашчыла.
— А таго, што бачу мазалі на вашых руках. Ну добра, вы пачакайце. Сын хутка выйдзе.
Сын пачаў есці і добра зрабіў, бо толькі праз гадзіну рыпнулі дзверы бакоўкі, увайшоў Вецер і, пабачыўшы Вашчылу, пабялеў, хоць і не змяніўся ў твары.
— Гэта ты? Чаму ж мне маці не сказала?
— Я казаў, але яна, мусіць, забылася.
Мужчыны пацалаваліся тройчы, і Вецер са шчырай радасцю сказаў:
— Вось добра, што прыехаў! А ў мяне шчасце.
— Бачу, — адказаў Вашчыла суха, — няўчаснае шчасце.
Вецер прысеў на ложак. Толькі тут можна было заўважыць, якія непадобныя яны былі адзін на другога.
Вашчыла сядзеў як уліты ў крэсла. Сталая, магутная постаць, вялікія рукі селяніна, жылаватыя і мазалістыя, шырокія грудзі і плечы.
Ён, відавочна, належаў да таго гатунку людзей, якія выклікаюць да сябе любоў з першага позірку, якіх кахаюць дзяўчаты, і нават мужчыны адчуваюць да іх нейкае цёплае пачуццё, жаданне падкарацца гэтаму чалавеку, рабіць тое, што ён хоча, — магчыма, таму, што ён разумны і добры, магчыма, таму, што ён — верны сябра, а хутчэй за ўсё таму, што невыказны давер струменіцца ад гэтай істоты, ад яе павольных рухаў, ад сумленных вачэй. Яны заўжды добрыя сябры, цудоўныя бацькі і верныя, пяшчотныя мужы, з якімі жонка, як кажуць, пражывае век не за палатняны мех. Звычайна ў іх бывае пад старасць не менш як дзесяць дзяцей.
Галава Вашчылы сядзела горда на моцнай шыі, і была яна, гэтая галава, ёмістая, з добрым чэрапам. Нос прамы, губы трошкі адтапыраныя наперад, з прыемнымі коскамі ў кутках рота.
Вочы былі блакітныя, светлыя, нават занадта светлыя, і нешта добрае і нават трошкі соннае і хітраватае бачылася ў іх. Высокі белы лоб вянчала грыва залаціста-каштанавых, вельмі мяккіх валасоў, якія бесхарактарна валіліся наперад і назад, хваляй падалі на лоб. І толькі дзве ледзь прыкметныя рыскі паміж брывей казалі, што гэты чалавек можа быць іншым. Толькі і ўтрапёнасць і злосць яго былі ад дабраты.
Вецер таксама меў мяккія залацістыя валасы, але на гэтым падабенства канчалася. Быў ён худы, хоць моцны, высокі, з доўгімі нагамі.
Нешта пяшчотнае і прыродна-грацыёзнае было ў яго постаці. Лёгкія доўгія валасы, вялікія сінія вочы пад пушыстымі веямі, караткаваты нос, рот, які ўвесь час смяяўся, вельмі прыгожы голас. І ўвесь ён быў, як смык, гнуткі і пявучы. Не чалавек, а нешта накшталт салаўя, створанае дзеля таго, каб услаўляць свет і святло і жыццё.
Нягледзячы на нясхожасць, яны моцна буршавалі і любілі адзін аднаго.
І вось гэтыя два чалавекі сядзелі адзін супраць аднаго і маўчалі.
— Вецер, мы пачынаем на тым тыдні, — сказаў Вашчыла.
— Толькі Крычаў?
— Павінны дапамагчы навакольныя вёскі. Пашлём сотню коннікаў з агнявымі віцамі. Калі не адашлюць войска, адкладзём, але ненадоўга. Цярпець больш няможна. Крычаў — гэта кацёл з варам. Вымагаюць, каб я аб’явіў сябе ўнукам Багдана-Хвёдара Хмеля. Ягонае імя — наша зброя. Януку Дубатолку і Балабановічу з хлопчамі ў пушчу пашлём сыкгнеты з нашай пячаткаю — няхай ідуць на дапамогу. Цяпер, што будзеш рабіць ты... Ты павінен быць у Крычаве — збройнікі табе вераць і без цябе могуць адмовіцца, інакш я не ехаў бы сюды. Пашлеш лісты Раману Туру ў Прапойск і іншым. Ты абавязкова павінен быць. Ты мая правая рука, бо ты вельмі пісьменны чалавек і без цябе немагчыма. Зразумеў?