Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— І пакінуць маладую жонку?

— Не жаніся.

Маўчанне. Потым Вашчыла сказаў:

— Сынок, будзь сумленным і не чапай яе. Не трэба. Хадзем. Корд як маланка ў тваіх руках. Няхай Агата застанецца дзяўчынай. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, агністыя вочы, моцнае цела. Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці, якая прыняла ў сябе твой пупок і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў, хоць і цяжка, але немагчыма жыць без Радзімы; яна ў цябе адзіная, сынок. Калі бачыш, што ёй плююць у святыя вочы, — паступіся жонкаю, не заўдавай нявесце залішніх пакут.

Вецер адказаў цвёрда і змрочна:

— Не, не магу. Я шмат думаў і... уяўляў. Я не баюся бойкі, але як падумаеш, што схопяць... Як смяяцца, калі пераб’юць ногі, якімі табе яшчэ шмат год хадзіць па цёплай зямлі, калі кладуць жар у рот, які спяваў, піў віно і цалаваўся. А гэтая ноч перад стратай, калі думаеш, што ёсць ружовыя змярканні і марозныя ранкі, калі срэбная трава і кроў бурліць у жылах і ёсць легенды ў кнігах — і ўсяго гэтага ты не перажыў, не перебачыў. А-а-хх!

Вашчыла павольна ўстаў. Галава яго амаль даставала да столі. Вялікі сум адбіваўся ў яго вачах, калі ён сказаў Ветру:

— Я ведаю, што ты не баязлівец, але я не думаў, што можа быць на свеце чалавек, які можа сціскаць у абдоймах жонку, калі народ ягоны сціснулі ў ланцугах і калодках; які раскінуўся на траве і глядзіць у глыбокае неба, калі ягоны народ раскрыжавалі і ён глядзіць у вочы кáтам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму дзідаю ў бок. Трасца з табою, жывацей тут...

Нешта спалахнула ў вачах Ветру, але хутка згасла, і ён толькі спытаў з адчаем:

— Ну скажы ж ты мне, як перамагчы жаданне жыць?

Вашчыла не адказаў. Ён запіхнуў пулгакі за пояс і толькі ля самых дзвярэй суха кінуў:

— Бывай. Я рызакаваў жыццём, едучы да цябе, і, як бачу, дарэмна. Памятай, загінем праз цябе. Калі надумаеш — прыходзь у Крычаў праз тыдзень, апоўнач. А пакуль што, прабач... я не магу аддаць табе развітальны пацалунак. Я шкадую таксама, што я еў і піў тут... у доме здрадніка.

І срэбная манета з яго рукі ўпала на стол і заракатала ля чарніліцы.

Вецер кінуўся быў за ім, але раптам спыніўся: маці ўваходзіла ў пакоік. Твар яе быў белы, губы дрыжэлі:

— Сынок, што гэта ён крыкнуў, гэты вар’ят?

Вецер павольна павярнуўся:

— Пакінь, матулька. Гэты чалавек... яго праўда.

Маці сціснула ў руцэ шляк рантуха. Села.

Знадворку пачуўся часты ляск конскіх капытоў, і, пакуль не стала ціха, маці з сынам сядзелі нерухома.

— Ну што ж, распавядай тады, як ты зганьбіў сваю хату, сыне.

Вецер памаўчаў крыху, а потым пачаў гаварыць горача і нястрымна пра тое, як гэта адбылося, пра Вашчылу, пра свой уплыў на збраяроў, пра гэту размову.

Калі ён скончыў, маці маўчала. Бязмерная ўтома была ў яе руках, бляклых вуснах, постаці, што адразу сагнулася, быццам пад вагою.

— Ну што ж, ты не павінен быў лезці туды, калі думаеш, што гэта дарэмная справа...

— Вось і я кажу...

— Але ты пайшоў і, значыцца, павінен быў крочыць да апошняга. Ты даў слова, а словы наш род ніколі не кідаў дурна. Для жанчыны галоўнае — муж, але галоўнае для мужа — сябры па справе і самая справа жыцця. Я гэта калісьці добра разумела. Мне зараз нядобра, вельмі нядобра (Вецер бачыў, як на твары маткі нясцерпны сорам запаліў свой агонь, выгнаў на вочы дзве скупыя слязы). Думаеш, мне лёгка казаць гэта табе... Я ж памятаю твае рукі яшчэ вось гэткімі цёплымі лапэткамі... Зараз ты ведаеш такі верх зямной прамудрасці, як лаціну, а тады казаў, што вецер таму, што калоцяцца дрэвы... Цябе, маленькага, укусіла змяя — я выссала атруту, а ў мяне быў хворы зуб, і я ледзь не памерла... А потым была чума. Мала дзяцей засталося ў жывых, але цябе я выхаяла нейкім цудам... І зараз чужы чалавек, якога я ненавіджу ўсім сэрцам, бо ён забірае цябе, хоць не насіў і не гадаваў, кідае нам, Ветрам, такі дакор. Каб ён здох з голаду пры жывых дарослых дзецях.