Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 5
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Змоўк, чакаў адказу. Вецер сядзеў, апусціўшы галаву, потым узвёў яе:
— Ты кажаш пра Хмеля. Пры ім паўстала ўся Белая Русь, усё Палессе. Міншчына, падняпроўскія гарады. Нам дапамагалі казакі. І ўсё ж нас разбілі. Сярод казакоў знайшліся здраднікі накшталт Івана Нячая, шпегі лазілі і тут і там. І мы гінулі без дапамогі. Самі казакі ледзь адбіліся з дапамогаю Масквы, а іхнія браты за Дняпром і зараз гінуць у пакутах. А тут адзін маленькі Крычаў і сяляне з іхнімі косамі. Нас немінуча разаб’юць, браце.
Вочы Вашчылы заліла ціхая туга.
— Ты думаеш, я сам гэтага не ведаю, браце? Добра ведаю. Справа толькі ў часе. Магчыма, мы не пражывём гадзіны, магчыма, што пратрымаемся гады з тры... Але змагацца трэба. Трываць немагчыма. Людзі пакутуюць, а гэтыя панічы адчуваюць сябе гаспадарамі і мучаюць нас, як жадаюць, бо лічаць нас за цялят, якія не здолеюць супраціўляцца. Іхняя памяць вельмі кароткая, як у ката, якога хоць і наторкаюць носам, я ён тое самае. Вельмі хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Калі б мы ім паказалі, што мы — волаты, яны б сцерагліся катаваць нас. Трэба ім напомніць. Магчыма, крывёю Крычава трэба купіць адносны спакой усім. А можа, і перамога. Мы ж бачым, што яны прагнілі, як бурак. Трэба пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.
Вецер рашуча скалануў галавою:
Не, Васіль. Я не думаў, што гэта так хутка. Ты бачыш, сёння...
Вашчыла няўмольна перарваў яго:
— Ты абяцаў. І, да таго ж, я не думаю, што праз год ці два, калі будуць дзеці, будзе лягчэй. Мы не ведаем дня ані гадзіны, калі трэба аддаць жыццё. А трываць нельга. Глянь на вёску Ліпічна. Яны вывелі людзей ва ўрочышча Філазопаўскі Грунт і загналі ў балота. Маткі працягвалі ім дзяцей, патапаючы, а яны смяяліся. А вёску знішчылі і месца зааралі. Разумееш, браце?
Вецер вагаўся нядоўга:
— Так, гэта жахліва. Але... я не магу кінуць Агату. Васіль, браце! Бачыш, будзе сонца... усё зелянее... зараз зоры над зямлёю... песні і раптам магіла, робакі. Бр-р!
Рыскі між брывей Вашчылы сталі рэзкімі.
— Ты, здаецца, забыўся, Вецер, што ў гэтым жыцці за ўсё трэба плаціць і часам нават крывёю. Жыццё — гэта жорсткая штука. Сёння ты прапіў лашт жыта і ў ім 24 чвэрці, а колькі трэба пацець, каб яго ўзрасціць. Акрамя таго, цябе абралі людзі — і ты падвядзеш іх.
— Ведаю. Я не баязлівец, але я проста не магу. Жыццё, радасць — і не пабачыць, не зведаць той, што стала сёння маёй нявестай. Пакінуць гэту прытульную зямлю, лагчыны, сытыя бугры, такія ласкавыя, цёплыя. Бо я ж ведаю: хоць трываць і немагчыма — але ж мы загінем, загінем немінуча. Іхняя моц, іхняя жорсткасць яшчэ не былі дасюль перможаны... І вочы Агаты.
— Ажаніся зараз, — быстра кінуў Вашчыла.