Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Чалавек адчуў радасць, бо добра, што можа быці на свеце такі голас, і адразу падумаў:
“Але гэта Вецер. Вецер не падабаецца. Зашмат гуляе”.
II
Жанчына стаяла на ганку, калі прыезджы, прывязаўшы каня, накіраваўся да хаты. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку і рантух, які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. А вышэй быў твар як з грэцкай іконы і вялікія сухія вочы, якія дапытліва глядзелі на невядомага.
У акно прыезджы пабачыў вялікі пакой, сталы, моцна напітых гасцей і таго, каго шукаў. Той смяяўся, узняўшы кубак, а поруч з ім сядзела і з захапленнем глядзела на яго дзяўчына, зусім маладзенькая, з нявінным тварам і разумнымі вачыма. Рубок яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. На вачах яе былі радасныя слёзы, і нават прыезджы збянтэжана буркнуў:
— Вось бы й паляцела. Бач, дзяўчо. А так нічога асаблівага. Галава і два вуха... — І спытаўся ў жанчыны: — Што гэта ў вас?
— Заручыны сына, — адказала тая прыемным грудным голасам.
— Ці ўдома Вецер? Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.
— Можа, пойдзеце ў пакой да іх?
— Не, я пачакаю на двары. Не трэба.
— Пачакайце тут. — Жанчына адчыніла дзверы ў бакоўку і пакінула Вашчылу аднаго.
Амаль адразу ён пачаў яе голас:
— Сыне, там цябе нейкі лёзны чалавек пытае.
— Добра, матулька, зараз выйду.
Вашчыла агледзеўся. Пакоік быў невялічкі. Печ з маляванымі кафлямі зразала адзін кут, стаяў стол, ля яго крэсла з падлакотнікамі. Ложак, засцелены самаробным пакрывам у шашачкі, гліняны рукамыйнік — вось і ўсё. На стале скураная чарніліца з “інкаўстам”, гусінае пяро і дзесятак кніг у скураных пераплётах.
Узяў адну кнігу — лацінская. Ледзь разабраў. Пра колы нейкія. Стварыў — Купернік. Узяў другую — “Трышчан і Ізота”.
“Мудрагеліць Вецер. Не да “колаў” — была б жывая душа”.
Непрыкметна з’явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і “ўдаву” (бутэльку ў выглядзе абаранка — налі гарэлкаю, надзень на руку і хадзі да ўдовага кума) з горкім траўнікам.
— Вы падмацуйцеся, сын хутка выйдзе. Ды ўжо выбачце нам — такі дзень. Я вельмі радуюся за сына. Агата — цудоўная дзяўчына. А вы самі, прабачце, скуль?
— Я прыяцель вашага сына па Крычаву. Разам жылі, добрыя знаёмыя...
— А Божа ж мой! Дый чаму ж гэта вы адмаўляецеся пайсці? Гэта ж для яго будзе гэткая радасць! Ну хадзем! Ну я вас прашу!
— Не, мне туды нельга, — адрэзаў Вашчыла.
— А зараз вы скуль? — спытала маці.
— Проста з Крычава.
— Так, мой сын даўно не быў там. Прыехаў сюды — а тут яна. Ну й добра. Зараз ехаць небяспечна. Кóіцца мярзота страшэнная. Душыць людзей — гэткая поскудзь! Да нас ім цяжка дабрацца, але ад гэтага не лягчэй. Што гэта будзе? Адзін воўк здае на водкуп другому вёскі. Навезлі фактараў, рабуюць паспалітых. Гора!