Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 8

Проспер Мериме

- Слава, пане прафесар! - закрычаў граф. - У вас цудоўнае жамойцкае вымаўленне. Але хто вам перадаў гэтую прыгожую дайну?

- Адна паненка, з якой я меў гонар пазнаёміцца ў Вільні ў графіні Катарыны Пац.

- І яе імя ...

- Панна Івінская.

- Панна Юлька! - закрычаў граф. - Дурнічка! Як я не здагадаўся! Дарагі прафесар, вы ведаеце жамойцкую і ўсе вучоныя мовы, вы перачыталі ўсе старыя кнігі, але вас падманула дзяўчо, якое, апроч раманаў, нічога не чытала. Яна пераклала вам на даволі прыстойную жамойцкую мову адну з цудоўных баладаў Міцкевіча, якую вы не чыталі, бо яна не старэйшая за мяне. Калі хочаце, я пакажу вам яе па-польску, а калі вы жадаеце пабачыць выдатны рускі пераклад, я пакажу вам Пушкіна.

Прызнаюся, што я быў агаломшаны. От бы ўсцешыўся дэрпцкі прафесар, калі б я выдаў, як арыгінальную, дайну пра Будрысаў!

Замест таго каб пазабавіцца з майго замяшання, граф з выключнай ветлівасцю адразу ж перавёў гутарку на іншае.

- Дык вы ведаеце панну Юльку?

- Я меў гонар быць ёй адрэкамендаваным.

- Што вы пра яе думаеце? Толькі шчыра.

- Вельмі мілая дзяўчына.

- Што вы кажаце?

- І прыгожанькая.

- О!

- А што, хіба ў яе не найпрыгажэйшыя ў свеце вочы?

- Найпрыгажэйшыя.

- Скура незвычайна белая?.. Мне прыгадваецца персідская газель, дзе каханак апявае далікатную скуру сваёй выбранніцы: «Калі яна п'е чырвонае віно, відаць, як яно расцякаецца па жылах». Панна Івінская нагадала мне гераіню гэтага верша.

- Можа, панна Юлька і сапраўды такая, але я сумняваюся, ці цячэ ў яе жылах кроў... У яе няма сэрца... Яна белая і халодная, як снег!..

Ён устаў і нейкі час моўчкі хадзіў па пакоі, як мне здавалася, каб прыхаваць узрушанасць. Пасля раптам спыніўся:

- Прабачце, мы, здаецца, гаварылі пра народную паэзію...

- І праўда, пане графе.

- І ўсё ж трэба прызнацца, што яна ладненька пераклала Міцкевіча... «Твар іх бела-ружовы, як смоль, чорныя бровы, як дзве зоркі, іх свецяцца вочы». Вось яе партрэт. Падобна?