Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн

Проспер Мериме

Праспэр Мэрымэ

Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха

І

...

Тэадор, - сказаў прафесар Вітэмбах, - падайце Мне, калі ласка, вунь той абкладзены пергаментам сшытак, на другой паліцы над пісьмовым сталом. Не, не гэты, а той маленькі, in octavo. Там усе мае дзённікавыя запісы за 1866 год, прынамсі, тыя, што дачытаць графа Шэмета.

Усе прыціхлі. Прафесар надзеў акуляры і прачытаў наступнае:

ЛОКІС

з літоўскай прыказкай у якасці эпіграфа:

Miszka su Lokiu

Аbu du tokiu

* * *

Калі ў Лондане быў выдадзены першы пераклад Святога пісання на літоўскую мову, я змясціў у кёнігсбергскай «Навукова-літаратурнай газеце» артыкул, дзе, аддаўшы належнае намаганням дасведчанага перакладчыка і пачцівым намерам Біблейскага таварыства, я ўсё ж звярнуў увагу на некаторыя дробныя памылкі, а таксама адзначыў, што гэты пераклад мог быць карысны не ўсяму літоўскаму насельніцтву, а толькі яго частцы. І сапраўды, выкарыстаны ў перакладзе дыялект з вялікай цяжкасцю зразумеюць жыхары таго краю, дзе гавораць па-жамойцку, ці, як яшчэ кажуць, па-жмудску. Я маю на ўвазе Жамойцкае староства. Мова гэтага краю стаіць яшчэ бліжэй да санскрыту, чым верхнелітоўская. Гэтая заўвага, нягледзячы на рэзкую крытыку з боку аднаго добра вядомага прафесара Дэрпцкага універсітэта, была з цікавасцю прынята шаноўнымі членамі праўлення Біблейскага таварыства, і яны не вагаючыся даслалі мне пачэсную прапанову рэдагаваць выданне Евангелля паводле Мацвея на жамойцкай мове. На той час я не мог узяцца за шырэйшую працу - пераклад усіх чатырох евангелляў, бо быў заняты даследаваннямі ва ўральскіх мовах. Мне прыйшлося адкласці шлюб з паннай Гертрудай Вебер і выехаць у Коўна, дзе я меўся сабраць усе, якія толькі магчыма, пісьмовыя помнікі на жамойцкай мове, як друкаваныя, гэтак і рукапісныя, не забываючыся, вядома, і пра народныя песні, дайны, апавяданні або легенды, пасакі, якія забяспечылі б мяне матэрыяламі да жамойцкага слоўніка, - працы, што мусіла папярэднічаць перакладу.

Я меў ліст да маладога графа Міхала Шэмета, бацьку якога, як мяне запэўнілі, некалі належаў вядомы Catechismus Saтogiticus айца Лявіцкага, такі рэдкі, што яго існаванне нават аспрэчвалася, асабліва згаданым ужо прафесарам з Дэрпта. У графавым кнігазборы, паводле звестак, захоўваўся стары збор дайнаў, а таксама вершаў на старажытнай прускай мове. Я напісаў графу Шэмету ліст, дзе вытлумачыў мэту майго візіту, і атрымаў ад яго найласкавейшае запрашэнне правесці ў ягоным замку ў Мядзінцілтасе гэтулькі часу, колькі запатрабуюць мае даследаванні. У канцы ліста ён асцярожна пахваліўся, што гаворыць па-жамойцку не горш за сялян і з прыемнасцю дапамог бы ў маёй працы, якая здаецца яму ўхвальнай і цікавай. Як і некаторыя іншыя найбагацейшыя літоўскія землеўласнікі, ён быў евангеліцкага веравызнання, святаром якога я маю гонар быць. Мяне папярэдзілі, што граф трохі дзівакаваты, але вельмі гасцінны, любіць навукі і зычліва ставіцца да навукоўцаў. І я паехаў у Мядзінцілтас.

Каля замкавага ганка мяне сустрэў графаў аканом. Ён адразу правёў мяне ў пакой, адмыслова для мяне падрыхтаваны.