Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 10

Проспер Мериме

- Заўважце, - перапыніў ён мяне, - што я ніколі не б'ю ні коней, ні сабак. Мяне б мучыла сумленне, калі б я хвастануў бедную жывёліну, якая зрабіла глупства, не ўсведамляючы гэтага. І аднак, вы не паверыце, як мяне баяцца коні і сабакі. Каб прызвычаіць іх да сябе, я губляю ўдвая болей сілы і часу, чым хто іншы. Вось хоць бы конь, на якім вы седзіцё. Колькі я патраціў часу, каб яго ўтаймаваць, а цяпер ён ціхі, як авечка.

- Я думаю, пане графе, што жывёлы добра разбіраюцца ў людзях, яны адразу распазнаюць, ці даспадобы ім чалавек, якога яны бачаць упершыню. Я падазраю, што вы цэніце жывёл толькі за тыя паслугі, што яны вам робяць, і наадварот, ёсць людзі, якія маюць прыродную прыхільнасць да пэўных жывёл, і тыя адразу ж гэта адчуваюць. Вось як я, прыкладам, маю з маленства нейкую прыродную любасць да катоў. І калі я падыходжу, каб палашчыць якога, яны ніколі не ўцякаюць. І ніколі ніводзін кот мяне не падрапаў.

- Цалкам магчыма, - адказаў граф. - Дый праўда, неяк, як кажуць, не ляжыць у мяне душа да жывёл... Яны нічым не лепшыя за людзей... Я вяду вас, пане прафесар, у пушчу, дзе яшчэ і дагэтуль квітнее звярынае валадарства, матачнік, вялікая маці, вялікая вытворня жывых істотаў. Так, паводле народных паданняў, ніхто яшчэ не заходзіў у гушчары, ніхто не дабіраўся да сярэдзіны гэтых лясоў і балотаў, акрамя паэтаў і ведзьмакоў, якім адкрытыя ўсе сцежкі. Там праўдзівая звярыная рэспубліка... ці, лепш сказаць, канстытуцыйнае кіраванне. Львы, мядзведзі, алені, зубры - нашыя літоўскія бізоны - усе яны добра ладзяць між сабою. Найбольшай павагай карыстаецца мамант, які там яшчэ захаваўся. Ён, напэўна, маршалак сойма. У іх вельмі суровая паліцыя, і калі сярод звяроў знаходзіцца нейкі злачынца, яны судзяць яго і выганяюць. Тады ён трапляе з агню ў полымя, бо вымушаны бадзяцца ў краіне людзей. Адтуль мала хто вяртаецца.

- Цікавае паданне, - сказаў я з захапленнем. - Але, пане графе, вы расказалі пра бізона. Ці ж гэты шляхетны звер, якога Цэзар апісаў у сваіх «Каментарыях» і на якога меравінгі палявалі ў Кампенскім лесе, яшчэ папраўдзе сустракаецца ў Літве, як я толькі што ад вас пачуў?

- Без сумнення. Мой бацька сам забіў аднаго зубра, вядома ж, з урадавага дазволу. Вы маглі бачыць ягоную галаву ў вялікай зале. Сам я іх ніколі не бачыў, яны, відаць, трапляюцца вельмі рэдка. Затое ваўкоў і мядзведзяў у нас тут процьма. На выпадак магчымай сустрэчы з гэтымі ягамосцямі я ўзяў з сабой гэтую надобу (ён паказаў чаркескую вінтоўку за плячом), а ў майго чалядніка напагатове двухнабойны карабін.

Пачаўся лес. Хутка вузенькая сцежка, па якой мы ехалі, знікла зусім. Штохвіліны мы мусілі аб'язджаць таўшчэзныя дрэвы, нізкія галіны якіх засланялі нам праезд. Некаторыя з іх, мёртвыя вываратні, уяўляліся нам непраходнымі абарончымі валамі з рагаткамі ўздоўж наспы. У іншым месцы трапляліся глыбокія ставы, зарослыя гарлачыкамі і раскай. Далей адкрываліся паляны, дзе расла ярка-смарагдавая трава, але гора таму, хто прывабіцца гэтай прыгажосцю, бо багатая і зманлівая расліннасць хавае звычайна багністыя прорвы, дзе знікне без знаку назаўсёды і конь, і коннік ...