Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 18

Проспер Мериме

Што да мяне, я нерухома ляжаў на канапе і ўдаваў, што сплю. А сам назіраў за ім. Ён сеў, прадраў вочы, сумна ўздыхнуў. Так ён праседзеў, не кранаючыся з месца, каля гадзіны, паглыблены, як здавалася, у нейкі роздум. А мне было не надта ўтульна, і я паабяцаў сабе ніколі болей не спаць побач з графам. Аднак урэшце стома перамагла трывогу, і калі раніцай па нас прыйшлі, мы абодва спалі глыбокім сном.

Паснедаўшы, мы вярнуліся ў Мядзінцілтас. Там, знайшоўшы доктара Фробэра, я сказаў яму сам-насам, што граф хворы, што яго мучаць страшныя сны, што ён, напэўна, лунацік і што ў такім стане ён можа быць вельмі небяспечны.

- Такое я і раней заўважаў, - сказаў доктар. - З такім атлетычным складам цела ён нервовы, як жанчына. Можа, гэта ў яго ад маці... Сёння раніцай яна паводзіла сябе вельмі кепска... Я не надта веру ў страхі цяжарных жанчын. Але адна рэч пэўная: графіня - маньячка і яе манія перадалася з крывёй...

- Але ж у графа розум у поўным парадку. Ён разважлівы, адукаваны, нават значна болей, чым я думаў, ён любіць чытаць...

- Усё гэта так, шаноўны пане, але ён часта бывае дзіўны. Часам ён зачыняецца на некалькі дзён, ён часта гуляе начамі, ён чытае неверагодныя кнігі... нямецкую метафізіку... фізіялогію, ці што там яшчэ. Вунь учора з Лейпцыга цэлы стос даслалі... Але будзем гаварыць проста: Гераклу патрэбна Геба. Тут ёсць вельмі харошанькія сялянкі... У суботу вечарам пасля лазні яны проста як князёўны... Не адна з іх лічыла б за гонар дагадзіць графу. У ягоным веку, хай мяне д'ябал возьме!.. У яго няма каханкі, ён не жэніцца, гэта нядобра. Яму патрэбна нейкая аддуха.

Грубы матэрыялізм доктара ўразіў мяне надзвычайна, і я раптоўна абарваў размову, сказаўшы, што ўсёй душой жадаю графу Шэмету, каб ён знайшоў жонку, што была б яго вартая. Прызнацца, я здзівіўся, уведаўшы ад доктара пра графаву цікавасць да філасофіі. Каб гэты гусарскі афіцэр, заўзяты паляўнічы, чытаў нямецкіх метафізікаў і займаўся фізіялогіяй - гэта ставіла ўсе мае думкі дагары нагамі. І ўсё ж доктар сказаў праўду, і таго самага дня я ў гэтым пераканаўся.

- Пане прафесар, - сказаў раптам граф, калі ўжо канчалася вячэра, - як вы растлумачыце падвоенасць ці раздвоенасць нашай натуры?

І, заўважыўшы, што я не надта добра яго зразумеў, ён дадаў:

- Ці не даводзілася вам калі-небудзь глядзець з вяршыні вежы ці з краю прорвы і адчуваць жаданне кінуцца ўніз і адначасова адчуваць страх перад вышынёй?..

- Гэта можна растлумачыць звычайнымі матэрыяльнымі прычынамі, - адказаў доктар. - Па-першае, стомленасць, спрычыненая доўгім пад'ёмам ці ўзыходжаннем, выклікае прыток крыві да мозга, які...

- Да д'ябла ваш прыток крыві, доктар, - сказаў нецярпліва граф. - Возьмем іншы прыклад. У вашай руцэ зараджаная зброя. Побач - ваш найлепшы сябар. Вам прыходзіць думка пусціць яму кулю ў лоб. Вы страшна баіцёся забойства, і, аднак, вы пра яго думаеце. Я думаю, панове, што калі б усе думкі, якія прыходзяць нам у галаву за адну гадзіну... калі, скажам, усе вашыя думкі, пане прафесар, - а я лічу вас вельмі разважлівым, - запісаць на паперы, яны склалі б вялізны том, і не знойдзецца такога адваката, які б на падставе напісанага не запатрабаваў для вас пазбаўлення правоў, не знойдзецца такога суддзі, які б не пасадзіў вас у турму ці ў вар'ятню.