Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 20
Проспер Мериме
Нейкі час ён паводле сваёй звычкі хадзіў з кута ў кут, пасля загаварыў зноў:
- Вы, відаць, падумалі, што я ў яе закаханы? Так думае гэты ёлуп доктар. Не, я ніколі не кахаў яе. Мяне забаўляў яе вясёлы твар. Мне прыемна было глядзець на яе белую скуру... Больш у ёй нічога добрага няма... Скура - так. А вось розуму - ані кроплі. Я ніколі не бачыў у ёй нічога іншага, як толькі прыгожую ляльку, на якую прыемна глядзець, калі нудзішся або калі няма пад рукой новай кніжкі... Напэўна, можна сказаць, што яна прыгожая... Скура ў яе проста чароўная!.. Пане прафесар, кроў, што цячэ пад гэтай скурай, мусіць быць смачнейшая за конскую?.. Як вы думаеце?
І ён выбухнуў смехам, ад якога мне стала ніякавата.
Назаўтра я з ім развітаўся і паехаў на поўнач староства працягваць свае пошукі.
VІІ
Пошукі мае цягнуліся два месяцы, і я магу сказаць, што ў Жамойці не засталося вёсачкі, дзе б я не спыніўся і дзе б я не сабраў нейкі матэрыял. Скарыстаю нагоду і падзякую жыхарам гэтага краю, а асабліва шаноўным святарам, за іх шчырае спрыянне маім росшукам і за той багаты матэрыял, якім яны папоўнілі мой слоўнік.
Прабавіўшы тыдзень у Шаўлях, я вырашыў паехаць у Клайпеду (партовы горад, які мы завём Мемель), каб адтуль марскім шляхам вярнуцца дамоў, калі раптам я атрымаў ад графа Шэмета наступны ліст:
«Пане прафесар,
з Вашага дазволу я буду пісаць па-нямецку, бо, пішучы па-жамойцку, я б нарабіў яшчэ болей памылак, і Вы страцілі б да мяне ўсялякую павагу. Ці Вы яе да мяне яшчэ маеце, не ведаю, але навіна, што я Вам зараз паведамлю, гэтай павагі, пэўна, не павялічыць. Карацей кажучы, я жанюся, і Вы ведаеце з кім. Юпітэр смяецца з клятваў каханкаў. Піркунс, наш жамойцкі Юпітэр, робіць тое самае. Такім чынам, 8-га чысла наступнага месяца я бяру шлюб з паннай Юліяй Івінскай. Вы б зрабілі мне найбольшую ласку, калі прыехалі б на гэтую ўрачыстасць. Усе сяляне з Мядзінцілтаса і з усяго наваколля прыйдуць, каб пачаставацца ялавічынай і свінінай, а калі яны нап'юцца, яны будуць скакаць на лужку, што направа ад вядомых Вам прысадаў. Вы ўбачыце строі і абрады, вартыя вашай увагі. Мы з Юлькай былі б вельмі радыя. Дадам таксама, што Вашую адмову мы сустрэнем з глыбокай роспаччу. Вы ведаеце, што мы з маёй нявестай належым да евангеліцкага веравызнання. А наш пастар, які жыве за трыццаць міль адсюль, не можа хадзіць з-за падагры, і таму я дазволіў сабе спадзявацца, што Вы нам адслужыце замест яго. Выказваю Вам, пане прафесар, маю найглыбейшую пашану, Ваш
Міхал Шэмет».
А ўнізе ў якасці пастскрыптума было дапісана па-жамойцку прыгожым жаночым почыркам:
«Я, літоўская муза, пішу па-жамойцку. Міхал мае непачцівасць сумнявацца ў Вашай згодзе. Толькі такая дурніца, як я, згадзілася б выйсці за яго замуж. 8-га чысла наступнага месяца Вы, пане прафесар, убачыце трохі шыкоўную маладую. Гэта ўжо не па-жамойцку, а па-французску. Але не надта заглядайцеся падчас цырымоніі!»
Мне не спадабаліся ні ліст, ні пастскрыптум. Я адзначыў, што абое праяўляюць недаравальную легкадумнасць у такі ўрачысты момант. І, аднак, як адмовіцца? Прызнаюся, што абяцанае відовішча спакушала мяне без меры. З усяго было відаць, што сярод безлічы прадстаўнікоў мясцовай шляхты, што збяруцца ў Мядзінцілтасе, я, без сумнення, сустрэну адукаваных людзей, якія паведамяць мне што-небудзь цікавае. Мой жамойцкі слоўнік быў ужо даволі багаты, але сэнс некаторых слоў, што я пачуў з вуснаў простых сялян, заставаўся для мяне ахутаны цьмянай няяснасцю. Усе гэтыя меркаванні, узятыя разам, мелі дастатковую вагу, каб змусіць мяне згадзіцца на графаву просьбу, і я адказаў яму, што 8-га раніцай я буду ў Мядзінцілтасе.