Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 17
Проспер Мериме
- Што вы думаеце пра Юльку?
- Яна проста чароўная.
- Так, але надта баламутная!.. Як вы думаеце, ёй сапраўды падабаецца гэты бялявы капітанчык?
- Ад'ютант?.. Ды адкуль жа ж я ведаю?
- Ён хлюст!.. значыць, падабаецца жанчынам.
- Я не згодны з вашай высновай, пане графе. Хочаце, скажу вам праўду? Панна Івінская куды больш хоча спадабацца графу Шэмету, чым ад'ютантам усёй арміі.
Ён пачырванеў і нічога не адказаў. Але мне здалося, што мае словы яго задаволілі. Ён яшчэ трошкі пахадзіў моўчкі, пасля паглядзеў на гадзіннік.
- Далібог, - сказаў ён, - трэба класціся спаць, бо ўжо позна.
Ён узяў сваю стрэльбу і паляўнічы нож, складзеныя ў нашым пакоі, паклаў іх у шафу і ўзяў ключ.
- Вазьміце, калі ласка, - ён перадаў мне ключ, што вельмі мяне здзівіла, - бо я магу забыцца. У вас, прынамсі, памяць лепшая за маю.
- Найлепшы сродак не забыцца пра зброю, - сказаў я, - гэта пакласці яе на стол каля вашай канапы.
- Не... Паслухайце, шчыра кажучы, я не люблю, каб побач была зброя, калі я сплю... І вось прычына. Калі я служыў у гарадзенскіх гусарах, аднае ночы я спаў у адным пакоі з адным таварышам. Мае пісталеты ляжалі побач са мной на крэсле. Уначы я прачнуўся ад выбуху. У руцэ я трымаў пісталет. Я стрэліў, і куля прайшла каля галавы майго таварыша... Я так ніколі і не ўзгадаў, што я тады прысніў.
Гэты расказ трошкі мяне занепакоіў. Я ўжо не рызыкаваў атрымаць кулю ў галаву. Але калі я ўявіў сабе высокі рост і геркулесаву паставу майго спадарожніка, ягоныя нервовыя рукі, парослыя чорнай шчэццю, я мімаволі падумаў, што ён без цяжкасці здолеў бы мяне задушыць, сасніўшы штосьці нядобрае. Ва ўсялякім разе, я і знаку не падаў, што нечым занепакоены, а паставіў свечку на крэсла побач з канапай і ўзяўся чытаць «Катэхізіс» Лявіцкага, што быў захапіў з сабой. Граф узычыў мне добрай ночы, выцягнуўся на канапе, разоў пяць ці шэсць перакруціўся. Урэшце ён заснуў, згарнуўшыся клубком, як у Гарацыя каханак, які, схаваны ў куфры, галавой упіраўся ў сагнутыя калені:
... Turpi clausus іn arca
Соntrасtum gеnibus tаngаs caput...
Час ад часу ён глыбока ўздыхаў ці неяк нервова хрыпеў, відаць, ад нязручнай позы. Так прайшло недзе паўгадзіны. Я сам ужо засынаў. Я закрыў кнігу і ўладкоўваўся зручней у ложку, калі нейкі дзіўны смех майго суседа прымусіў мяне здрыгануцца. Я паглядзеў на графа. Вочы былі заплюшчаныя, усё цела дрыжала, а з прыадкрытых вуснаў чуліся ледзь зразумелыя словы:
- Свежая!.. белая!.. Прафесар не ведае, што кажа... Што там конь!.. Вось дзе смачны кавалак!..
Пасля ён пачаў ірваць зубамі падушку і раптам неяк страшна рыкнуў, так моцна, што сам прачнуўся.