Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 12

Проспер Мериме

- Вось вам, - сказаў мне па-нямецку граф, - прыклад мясцовага каларыту: вядзьмарка зачароўвае змяю ля падножжа кургана ў прысутнасці вучонага прафесара і цёмнага літоўскага шляхціца. Добры сюжэт для жанравай карціны вашага суайчынніка Кнаўса... ці не жадаеце, каб яна вам паваражыла? Цудоўная нагода.

Я адказаў, што не збіраюся заахвочваць падобныя заняткі.

- Я б лепш спытаўся ў яе, - дадаў я, - ці не ведае яна падрабязней гэтае дзіўнае паданне, пра якое вы мне зараз расказалі. Жанчына, - сказаў я старой, - ці не чула ты пра куток гэтага лесу, дзе звяры жывуць грамадой, не ведаючы пра чалавечы свет?

Старая кіўнула галавой і сказала, дурнавата ўсміхнуўшыся:

- Я якраз адтуль іду. У звяроў болей няма караля. Леў, стары нобіль, памёр. Звяры выбіраюць новага караля. Ідзі, можа, яны выберуць цябе.

- Што ты кажаш, маці? - зарагатаў граф. - Ці ты ведаеш, з кім гаворыш? Дык ты не ведаеш, што гэты пан... О д'ябал, як жа ж будзе па-жамойцку «прафесар»? Пан - вялікі вучоны, мудрэц, вайдалот.

Старая паглядзела ўважліва.

- Я схібіла, - сказала яна, - гэта ты мусіш туды ісці. Ты станеш іхнім каралём, а не ён. Ты вялікі, ты моцны, у цябе кіпці і зубы...

- Як вам падабаюцца яе жарты? - спытаўся ў мяне граф. - Матухна, ці ты ведаеш дарогу? - пацікавіўся ён у старой.

Яна паказала яму рукой на лес.

- Туды? - перапытаў граф. - А балота? Як яго перайсці? Вы ведаеце, пане прафесар, там, дзе яна паказала, непраходнае балота, возера вадкай гразі, зарослае зялёнай травой. Летась я параніў аленя, і ён кінуўся ў гэтае д' яблава балота. Я бачыў, як ён павольна, павольна апускаўся... Праз дзве хвіліны былі відны ўжо толькі рогі. Хутка ён знік увесь, а за ім два мае сабакі.

- Але я не цяжкая, - ашчэрылася старая.

- Я думаю, што ты пералятаеш балота вельмі проста - на мятле.

Вочы старой пыхнулі злосцю.

- Паночку, - зноў працяжна загугнявіла яна, - ці не дасі старой беднай жанчыне тытуню на люльку? - і дадала: - Лепш шукай дарогі праз балота, чым ездзіць у Даўгялы.

- Даўгялы! - граф пачырванеў. - Што ты хочаш сказаць?

Мімаволі я заўважыў, што слова гэтае зрабіла на яго дзіўнае ўражанне. Ён відавочна збянтэжыўся, апусціў галаву і, каб схаваць замяшанне, узяўся развязваць капшук з тытунём, што вісеў на тронку паляўнічага нажа.

- Не, не ездзі ў Даўгялы, - паўтарыла старая. - Белая галубка не для цябе. Так, Піркунс?

У гэты момант з-пад каўняра кажушка паказалася змяіная галава. Змяя паднялася да гаспадынінага вуха і, відаць, адмыслова навучаная, пачала разяўляць пашчу, быццам гаворачы.

- Ён кажа, што я маю рацыю, - дадала старая.

Граф сыпнуў ёй у руку жменьку тытуню.

- Ты мяне ведаеш? - спытаўся ён у яе.

- Не, паночку.

- Я- мядзінцілтаўскі гаспадар. Прыходзь да мяне гэтымі днямі. Я дам табе тытуню і гарэлкі.

Старая пацалавала графу ў руку і паспешліва адышла.

Праз хвіліну яе ўжо не было відаць. Граф заставаўся стаяць у задуменні, рукі яго несамохаць завязвалі і развязвалі матузок капшука.