Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 13
Проспер Мериме
- Пане прафесар, - сказаў ён пасля доўгага маўчання, - вы, можа, будзеце смяяцца з мяне. Гэтая старая паскудніца ведае мяне лепш, чым вам здаецца, а дарога, якую яна мне паказала... Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Мяне ў наваколлі ўсе ведаюць, як аблупленага сабаку. Гэтая круцелька не раз бачыла мяне па дарозе ў Даўгялаўскі замак... Там ёсць панна на выданні, а гэтая каргота вырашыла, што я ў тую панну закаханы... Пасля які-небудзь малойчык даў ёй у лапу, каб яна абвясціла мне благі лёс... Усё гэта кідаецца ў вочы, і, аднак... яе словы мяне кранулі... Я амаль баюся. Вам смешна, і вы маеце рацыю... І праўда, я збіраўся ехаць у Даўгялы, а цяпер не ведаю, ехаць ці не... Але ж я і дурны! Ну, пане прафесар, вам вырашаць. Ці едзем?
- Абмяжуюся адной заўвагай, - засмяяўся я. - Што тычыцца жаніцьбы, я ніколі не даю парадаў.
Мы вярнуліся да коней. Граф спрытна скочыў у сядло і, адпусціўшы павады, крыкнуў:
- Хай конь вырашыць за нас!
Конь не вагаючыся ступіў на сцяжынку, якая, зрабіўшы некалькі паваротаў, вывела нас на брукаваную дарогу ў Даўгялы. Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі перад замкавым ганкам.
На тупат нашых коней з акна між фіранак высунулася бялявая галоўка. Я пазнаў падступную перакладчыцу Міцкевіча.
- Заходзьце, калі ласка! - запрасіла яна. - Вы прыйшлі ў самы добры момант, пане Шэмет. Мне якраз прывезлі з Парыжа сукенку. Вы мяне не пазнаеце - такая я буду прыгожая.
Фіранкі зашморгнуліся. Паднімаючыся на ганак, граф прабурчаў:
- Вядома ж, не дзеля мяне яна справіла гэтую сукенку...
Ён адрэкамендаваў мяне пані Даўгяле, цётцы панны Івінскай, яна сустрэла мяне вельмі прыязна і згадала мае самыя апошнія артыкулы ў «Навукова-літаратурнай газеце».
- Пан прафесар прыйшоў, каб паскардзіцца вам на панну Юльку, якая непачціва з яго пажартавала.
- Гэта яшчэ дзіця, пане прафесар. Трэба ёй прабачыць. Яна часта дакучае мне сваімі выбрыкамі. Я ў шаснаццаць год была разумнейшая, чым яна ў дваццаць, але яна ўсё ж добрая дзяўчына і мае ўсе адзнакі добрага выхавання. Яна выдатны музыкант, яна цудоўна малюе кветкі, яна аднолькава добра гаворыць па-французску, па-нямецку і па-італьянску... Яна вышывае...
- І піша вершы па-жамойцку! - дадаў, смеючыся, граф.
- О, на гэта яна не здольная! - запярэчыла пані Даўгяла.
І прыйшлося ёй расказаць пра Юльчын жарт.
Пані Даўгяла была адукаваная і ведала старажытнасці краю. Гутарка з ёю мне вельмі спадабалася. Яна чытала нямецкія часопісы і мела здаровы погляд на мовазнаўства. Прызнаюся, што я не заўважыў, як праляцеў час, пакуль панна Івінская прыбіралася. Але для графа Шэмета час гэты цягнуўся надта доўга, і ён уставаў, зноў сядаў, глядзеў у акно і драбатаў пальцамі аб шыбіну, як чалавек, які траціць цярпенне.
Урэшце праз тры чвэрці гадзіны паявілася панна Юлька ў таварыстве сваёй французскай гувернанткі. Яна ішла павабна і напышліва ў сукенцы, апісанне якой вымагала б ведаў значна шырэйшых за мае.
- Ну, ці я не прыгожая? - спыталася яна ў графа, павольна паварочваючыся наўкола, каб ён мог разгледзець яе з усіх бакоў.