Читать «Скрадзены ліст» онлайн - страница 2

Эдгар Аллан По

— Працягвайце, — сказаў я.

— Ці не, — сказаў Дзюпэн.

— Значыць, так. З найвышэйшых колаў я атрымаў прыватную інфармацыю, што з каралеўскіх пакояў скрадзены адзін вельмі важны дакумент. Асоба выкрадальніка вядомая, у гэтым няма сумневаў: бачылі, як ён забіраў паперу. Таксама вядома, што дакумент дагэтуль у яго руках.

— Адкуль гэта вядома? — спытаў Дзюпэн.

— Пра гэта сведчыць, — адказаў прэфект, — сама прырода дакумента і адсутнасць тых вынікаў, якія пацягнула б за сабой пазбаўленне ад ліста, а дакладней, яго выкарыстанне, бо выкрадальнік раней ці пазней яго выкарыстае.

— Прашу гэта патлумачыць, — сказаў я.

— Ну, рызыкну сказаць, што папера дае свайму ўладальніку пэўную ўладу ў колах, дзе такая ўлада надзвычай цэніцца, — прэфект любіў загадкавую мову дыпламатыі.

— Я ўсё яшчэ не зусім разумею, — сказаў Дзюпэн.

— Не? Ну, калі дакумент атрымае трэцяя асоба, якую пакінем неназванай, гэта паставіць пад сумнеў рэпутацыю адной вельмі высокапастаўленай персоны, і таму той, у чыіх руках дакумент, мае ўладу над гэтай знакамітай персонай, чые рэпутацыя і спакой цяпер пад пагрозай.

— Але выкрадальнік атрымлівае такую ўладу толькі тады, — перарваў я прэфекта, — калі ён упэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік. Хто насмеліцца...

— Міністр Д., — адказаў прэфект, — ён выкрадальнік і ён насмеліцца на ўсё, што вартае, а таксама не вартае мужчыны. Спосаб, якім ён скраў дакумент, такі ж вынаходлівы, як і смелы. Абрабаваная асоба атрымала дакумент — а менавіта ліст, — калі сядзела адна ў каралеўскім будуары. Раптам чытанне было перарванае з’яўленнем іншай высокапастаўленай асобы, той самай, ад якой ліст трэба было хаваць. Пасля паспешлівай і марнай спробы засунуць ліст у шуфляду яна была вымушаная пакласці яго разгорнутым на стол. Аднак адрас апынуўся навідавоку, а змест — схаваным, таму ліст не забраў увагі. Раптам увайшоў міністр Д. Яго рысіны погляд тут жа выхоплівае ліст, міністр пазнае почырк, адзначае збянтэжанасць адрасаткі і разгадвае яе таямніцу. Пасля працоўнага дакладу, зробленага ў звычайнай хуткай манеры, ён выцягвае ліст, трохі падобны да таго, што на стале, разгортвае яго, робіць выгляд, што чытае, і потым кладзе побач з першым. Наступныя пятнаццаць хвілінаў ён вядзе размову пра грамадскія справы. Урэшце, сыходзячы, ён прыхоплівае са стала чужы ліст. Сапраўдная ўладальніца дакумента ўсё бачыць, але не насмельваецца прыцягнуць увагу да гэтай акалічнасці праз трэцюю асобу, што стаіць побач. Міністр знікае, пакінуўшы свой нязначны ліст на стале.

— І вось, — сказаў мне Дзюпэн, — пастаўленая вамі ўмова выкананая: выкрадальнік атрымлівае ўладу, бо ўпэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік.

— Але, — пагадзіўся прэфект. — Здабыўшы такім чынам уладу, выкрадальнік цягам апошніх месяцаў карыстаецца ёй дзеля дасягнення палітычных мэтаў і заходзіць небяспечна далёка. Абрабаваная дзень пры дні ўсё больш упэўніваецца, што ліст трэба вярнуць. Але адкрыта гэтага зрабіць нельга. Карацей кажучы, даведзеная да адчаю, яна перадала справу мне.