Читать «Скрадзены ліст» онлайн - страница 6
Эдгар Аллан По
Калі ён сышоў, мой сябар пусціўся ў тлумачэнні.
— Парыжская паліцыя, — сказаў ён, — па-свойму вельмі здольная. Усе яны настойлівыя, вынаходлівыя, хітрыя і добра абазнаныя ў тых сферах, якія відавочна патрэбныя ў іх прафесіі. А таму, калі прэфект падрабязна апісаў мне, як ён абшукваў дом міністра, я цалкам упэўніўся, што сваю справу ён зрабіў выдатна — у межах абранага ім кірунку росшукаў.
— У межах абранага ім кірунку?
— Але, — пацвердзіў Дзюпэн. — Зробленыя ім захады былі не проста выключнымі — яны дасканала рэалізоўваліся. Калі б ліст схавалі гэткім жа чынам, хлопцы з паліцыі, несумненна, яго знайшлі б.
Я толькі рассмяяўся, але ён, здаецца, гаварыў сур’ёзна.
— Самі па сабе гэтыя захады, — прадоўжыў ён, — былі добрыя, як і самі росшукі. Іх недахоп палягаў у тым, што яны не адпавядалі ні нашай сітуацыі, ні нашаму злачынцу. Пэўны набор надзвычай вынаходлівых метадаў ператварыўся для прэфекта ў своеасаблівае пракрустава ложа, да якога ён гвалтоўна падладжвае свае планы. Прэфект увесь час памыляецца, занураючыся ў праблему то занадта глыбока, то занадта павярхоўна — многія школьнікі змогуць разважаць лепш за яго. Я ведаў аднаго васьмігадовага хлопчыка, чые поспехі ў гульні “цот і лішка” выклікалі ўсеагульнае захапленне. Для гэтай простай гульні патрэбныя толькі шарыкі. Адзін гулец заціскае ў далоні некалькі такіх шарыкаў, а другі мусіць адгадаць, цотная іх колькасць ці няцотная. Той, хто адгадаў, атрымлівае шарык, той, хто не адгадаў — аддае. Хлопчык, пра якога я казаў, выйграў усе шарыкі ў школе. Безумоўна, у яго быў свой метад адгадвання, які палягаў усяго толькі ў назіранні за супернікам і вызначэннем узроўню яго хітрасці. Напрыклад, ягоны супернік — сапраўдны дурань — выцягвае сціснутую руку і пытае: “Цот ці лішка?” Наш хлопец адказвае: “Лішка”, — і страчвае шарык, але другую спробу выйграе, разважыўшы так: “Гэты дурань загадаў першы раз цотную колькасць, і цяпер яго мазгоў хопіць толькі на тое, каб другі раз загадаць няцотную, а таму трэба зноў выбраць лішку”. Ён адказвае: “Лішка”, — і выйграе. Калі ж дурань трохі разумнейшы, наш хлопец разважае іначай: “Супернік ведае, што першы раз я выбраў лішку, а таму для другой спробы ён спачатку захоча замяніць цот на лішку, як папярэдні дурань, але потым падумае, што гэта занадта проста, і ўрэшце зноў спыніцца на цотнай колькасці, а таму трэба выбраць цот”. Адказвае: “Цот”, — і выйграе. Вось такі метад выкарыстоўвае наш школьнік, якога сябры называюць лёсікам — і ў чым жа сутнасць гэтага метаду?