Читать «Скрадзены ліст» онлайн - страница 5

Эдгар Аллан По

— А шпалеры на сценах?

— Безумоўна.

— У сутарэнні зазірнулі?

— Вядома ж.

— Значыць, — сказаў я, — вы памыліліся ў разліках, і ліста ў доме няма.

— Баюся, тут вы маеце рацыю, — сказаў прэфект. — А цяпер, Дзюпэн, што вы мне параіце?

— Яшчэ раз старанна абшукаць дом.

— У гэтым няма ніякага сэнсу, — адказаў прэфект. — Я ўпэўнены, што ліст не там, нават больш, чым у тым, што дыхаю.

— Лепшай парады ў мяне няма, — сказаў Дзюпэн. — У вас, безумоўна, ёсць падрабязнае апісанне ліста?

 — Вядома!

Тут прэфект выцягнуў свой нататнік і прачытаў нам найдакладнейшае апісанне зніклага дакумента знутры і асабліва звонку. Хутка ён сышоў — такім прыгнечаным я яшчэ ніколі яго не бачыў.

Прыкладна праз месяц прэфект зноў зазірнуў да нас — мы былі занятыя тым жа, чым падчас мінулага візіту. Ён узяў люльку, сеў і завязаў самую звычайную гутарку ні пра што. Урэшце я не вытрымаў:

— А што з тым скрадзеным лістом? Я так разумею, вы ўсё ж прыйшлі да высновы, што перамагчы міністра немагчыма?

— Так і ёсць, чорт яго дзяры! Згодна з парадай Дзюпэна мы яшчэ раз абшукалі дом — але, як я і думаў, уся праца была марнай.

— А якую абяцаюць узнагароду? — пацікавіўся Дзюпэн.

— О, вельмі добрую, неверагодна, я б сказаў, шчодрую, але колькі дакладна — лепш памаўчу. Магу хіба што сказаць, што я не супраць выдаць свой уласны чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў любому, хто дапаможа мне завалодаць лістом. Бо ведаеце, з кожным днём значэнне ліста расце, і абяцаная ўзнагарода была нядаўна падвоеная. Але калі яе нават патрояць, я ўсё адно не змагу зрабіць больш, чым ужо зрабіў.

— Што да мяне, мсье прэфект, — сказаў Дзюпэн паміж дзвюма зацяжкамі з пенкавай люлькі, — то мне здаецца, вы не аддаліся... гэтай справе напоўніцу... Думаю, варта было... зрабіць трошкі болей...

— Што зрабіць? Якім чынам?

— Ну... пых-пых... трэба было наняць спецыяліста... пых-пых... праўда? Помніце тую гісторыю пра Абернэці?

— Ды ну яго, вашага Абернэці!

— І праўда, ну яго. Але слухайце. Аднойчы нейкі багаты скнара прыдумаў спосаб бясплатна выцягнуць з Абернэці медыцынскую параду. З гэтай мэтай скнара завязаў з ім на нейкім вечары звычайную размову і паступова пераказаў доктару ўсе свае сімптомы, прыпісаўшы іх уяўнаму суб’екту. “Дапусцім, — казаў скнара, — хвораму баліць тое і тое. Што б вы, доктар, яму прапісалі?” — “Безумоўна, добрага спецыяліста”, — адказаў Абернэці.

— Але, — трошкі сумеўшыся, сказаў прэфект, — мне таксама вельмі патрэбны добры спецыяліст, і я гатовы яму заплаціць. Я і праўда дам пяцьдзясят тысяч франкаў таму, хто дапаможа мне з гэтай справай.

— У такім выпадку, — адказаў Дзюпэн, высоўваючы шуфляду і дастаючы адтуль чэкавую кніжку, — выпішыце мне чэк на згаданую суму, і калі вы паставіце на ім свой подпіс, я ўручу вам ліст.

Я быў агаломшаны, а прэфекта нібыта ўдарыла громам. Некалькі хвілінаў ён не мог ні варухнуцца, ні вымавіць хаця б слова, а толькі з разяўленым ротам недаверліва пазіраў на майго сябра. Здавалася, вочы паліцэйскага вось-вось вылезуць з арбітаў. Урэшце, неяк узяўшы сябе ў рукі, ён схапіў пяро і пасля некалькіх перапынкаў і пустых позіркаў навокал змог запоўніць чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў і падпісаць яго, каб перадаць Дзюпэну праз стол. Той уважліва вывучыў чэк і схаваў яго ў партманэт, а затым, адамкнуўшы сакрэтнік, дастаў адтуль аркуш і перадаў прэфекту. У сапраўдным параксізме радасці паліцэйскі схапіў ліст, дрыготкімі рукамі разгарнуў яго, хутка прагледзеў змест, потым, сабраўшы сілы, пацягнуўся да дзвярэй і ўрэшце бесцырымонна выскачыў з пакоя і з дому, не сказаўшы з таго моманту, як Дзюпэн запатрабаваў чэк, ані слова.