Читать «Скрадзены ліст» онлайн

Эдгар Аллан По

Эдгар Алан По

Скрадзены ліст

Для мудрасці няма нічога ненавіснейшага за хітрасць.

Сенека

Адным ветраным парыжскім вечарам восенню 18** году, адразу пасля змяркання, я, седзячы разам са сваім сябрам С. Агюстам Дзюпэнам у яго маленькай цёмнай бібліятэцы, ці кабінеце, au troisième, No. 33, Rue Dunôt, Faubourg St. Germain *, атрымліваў падвойную асалоду, якую могуць падарыць развагі і пенкавая люлька. Не менш чым гадзіну мы захоўвалі глыбокае маўчанне, і выпадковаму назіральніку магло падацца, што мы засяроджаныя выключна на мудрагелістых клубах дыму, якія рабілі атмасферу пакоя яшчэ змрачнейшай. Аднак я працягваў у думках аналізаваць пытанні, якія мы закранулі ў размове ў пачатку вечара — я маю на ўвазе падзеі на вуліцы Морг і таямніцу, звязаную з забойствам Мары Ражэ. А таму, калі дзверы пакоя расчыніліся і ўпусцілі нашага старога знаёмца мсье Г., прэфекта парыжскай паліцыі, гэта падалося мне чымсьці накшталт супадзення.

* На чацвертым паверху дома №33 па вуліцы Дзюно ў прадмесці Сэн-Жэрмэн (фр.).

Мы прыязна павіталі госця, бо нікчэмныя якасці яго характару межавалі з забаўнымі, і да таго ж мы некалькі гадоў не бачыліся. Да яго візіту мы сядзелі ў цемры, і цяпер Дзюпэн падняўся, каб запаліць лямпу, але, не зрабіўшы гэтага, зноў прысеў, калі пачуў, што прэфект зазірнуў да нас параіцца, а дакладней, спытаць у майго сябра меркавання пра справу, якая прынесла яму шмат турботаў.

— Калі яна ў нейкім сэнсе патрабуе развагаў, — зазначыў Дзюпэн, так і не запаліўшы кнот, — то мы лепш выслухаем вас у цемры.

— Вашая чарговая дзіўная ідэя! — сказаў прэфект, які меў звычку называць дзіўным усё вышэйшае за сваё разуменне, а таму жыў у атачэнні незлічоных легіёнаў рознага кшталту дзіваў.

— Несумненна, — пагадзіўся Дзюпэн, а потым забяспечыў госця люлькай і падсунуў яму зручнае крэсла.

— З якой цяжкасцю вы сутыкнуліся? — спытаў я. — Спадзяюся, гэтым разам не забойства?

— О не, нічога такога. Праблема насамрэч зусім лёгкая, і я не сумняюся, што мы паспяхова справімся з ёй самастойна. Але мне здаецца, што Дзюпэн захоча даведацца пра яе акалічнасці, бо яна надзвычай дзіўная.

— Простая і дзіўная, — падагульніў Дзюпэн.

— Ну, прыкладна так, але не зусім. Насамрэч усе мы вельмі збянтэжаныя, бо гэтая зусім простая справа збівае нас з панталыку.

— Магчыма, вас ставіць у тупік сама яе прастата, — сказаў мой сябар.

— Што за лухту вы кажаце! — усклікнуў прэфект і шчыра засмяяўся.

— Магчыма, разгадка крыху занадта празрыстая, — дадаў Дзюпэн.

— Божа мой, ніколі такога не чуў!

— Крыху занадта відавочная.

— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! — зарагатаў наш госць, ад душы развесяліўшыся. — Дальбог, Дзюпэн, аднойчы вы даведзяце мяне да труны!

— Дык што ў вас, урэшце, за справа? — спытаў я.

— Зараз раскажу, — адказаў прэфект і, уладкаваўшыся ў крэсле, зрабіў доўгую, раўнамерную і задуменную зацяжку. — Раскажу ў некалькіх словах, але перад гэтым дазвольце папярэдзіць, што справу трэба захоўваць у найглыбейшай таямніцы. Калі хтосьці даведаецца, што я даверыў яе чужым людзям, я, відаць, страчу сваю цяперашнюю пасаду.