Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 15
Вильгельм Гауф
Прыезджы князь ужо чатырнаццаць дзён бавіўся ў герцага і жыў цудоўна і радасна. Яны сілкаваліся не менш за пяць разоў на дзень, і герцаг быў задаволены майстэрствам карліка. Бо ён бачыў задаволенасць і на твары свайго госця. На пятнаццаты дзень герцаг паклікаў карліка да стала, прадставіў яго свайму госцю, князю, і спытаў, ці задаволены ён карлікам.
– О, ты цудоўны кухар, – адказаў прыезджы князь, – і ты ведаеш, што значыць прыстойна пад’есці. За ўвесь час, пакуль я тут быў, ты не паўтарыў ніводнай стравы і гатаваў усё выдатна. Але ўсё ж скажы мне, чаму ты так доўга не падносіш караля ўсіх страваў – паштэт сюзерэн?
Кухар вельмі спужаўся, бо ніколі не чуў пра гэтага караля паштэтаў, але ўзяў сябе ў рукі і адказаў:
– О пане! Яшчэ доўга, думалася мне, вашая прысутнасць будзе радаваць гэты двор, таму я не спяшаўся. Бо чым можа парадаваць цябе кухар у дзень развітання, як не каралём паштэтаў!
– Вось як? – сказаў герцаг са смехам. – А як жа я? Ты, мусіць, хацеў дачакацца маёй смерці, каб потым парадаваць мяне? Бо і мне ты ніколі не падаваў гэты паштэт. Але падумай пра іншае развітанне, бо заўтра ты мусіш паставіць паштэт на стол.
– Няхай будзе, як ты кажаш, пане! – адказаў карлік і пайшоў. Але пайшоў без радасці. Таму што настаў дзень яго ганьбы і яго няшчасця. Ён не ведаў, як робіцца той паштэт. Таму ён пайшоў у сваю каморку і заплакаў над сваім лёсам. Тут прыйшла да яго гусь Мімі, якой было дазволена хадзіць у яго пакоі, і спытала, чаму ён так горка плача.
– Вытры слёзы, – адказала яна, пачуўшы пра паштэт сюзерэн, – гэтая страва часта з’яўлялася на стале майго бацькі, і я прыблізна ведаю, што патрэбна для яе прыгатавання. Ты возьмеш тое і сёе, столькі і столькі, і калі там нечага не будзе ставаць, то ў паноў, напэўна, не такі тонкі густ, каб заўважыць.
Так сказала Мімі. А карлік падскочыў ад радасці, блаславіў дзень, у які ён купіў гуску, і ўзяўся гатаваць кароль паштэтаў. Ён спачатку зрабіў маленькую спробу, і, на дзіва, смак быў выдатны, і галоўны кухар, якому ён таксама даў пакаштаваць, зноў пахваліў яго высокае майстэрства.
На наступны дзнь ён прыгатаваў паштэт большага памеру і адправіў яго, цёплы, толькі што з печы, упрыгожаны вяночкамі кветак, на стол. А сам апрануў сваё найлепшае святочнае адзенне і пайшоў у сталовую. Калі ён увайшоў, старшы прыслужнік ля стала якраз разразаў паштэт і на срэбным шуфліку падаваў герцагу і яго госцю. Герцаг адкусіў добры кус, узняў вочы ў неба і сказаў, праглынуўшы:
– Ах, ах, ах! Нездарма яго называюць каралём паштэтаў. Але ж і мой кухар – таксама кароль усіх кухараў, ці не так, любы сябра?
Госць адкусіў некалькі маленькіх кавалачкаў, пакаштаваў, крыху патрымаў у роце, а потым засмяяўся здзекліва і таямніча.
– Штуковіна зробленая даволі ўмела, – заўважыў ён, адсоўваючы ад сябе талерку, – і ўсё-такі гэта не сапраўдны сюзерэн. Я так і думаў.
Герцаг незадаволена зморшчыў лоб і зачырванеўся ад сораму.
– Сабака, а не карлік! – закрычаў ён. – Як ты адважыўся рабіць такое свайму гаспадару? Ці не загадаць адсекчы табе галаву ў кару за дрэннае кухарства?