Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 13
Вильгельм Гауф
Часта, сілкуючыся, ён клікаў майстра-кухара і карліка Носа, усаджваў аднаго справа, другога злева ад сябе і сваімі пальцамі запіхваў ім найсмачнейшыя кавалкі ў рот – прыхільнасць, якую яны абодва ўмелі высока цаніць.
Карлік быў цудам горада. Людзі напрамілы бог выпрошвалі ў галоўнага кухара дазволу паназіраць, як гатуе карлік, і той-сёй з самых знатных людзей нават дамогся ў герцага таго, каб іх слугі маглі атрымаць у карліка кулінарныя ўрокі, што каштавала немалых грошай – кожны плаціў за дзень палову дуката. І каб не сапсаваць настрой іншых кухараў і не выклікаць зайздрасці да сябе, Нос аддаваў ім грошы, выплачаныя панамі за навучанне іх кухараў.
І жыў-пажываў Нос амаль два гады, заможны і ў пашане, але думка пра бацькоў засмучала яго. Так ён жыў без асаблівых здарэнняў, пакуль не здарыўся наступны выпадак.
Карлік Нос, робячы пакупкі, быў спрытны і ўдачлівы. Таму ён сам хадзіў, наколькі яму дазваляў час, на рынак, каб купіць птушку і садавіну. Аднойчы раніцай ён пайшоў на гусіны рынак і пачаў выбіраць цяжкіх тлустых гусак, якіх любіў уладар. Ён ужо некалькі разоў прайшоў туды-сюды, прыглядаючыся. Яго выгляд больш не выклікаў смеху і кпінаў, а ўнушаў пачцівасць. Бо яго пазнавалі як славутага герцагскага прыдворнага кухара, і любая гандлярка гусямі адчувала сябе шчаслівай, калі ён паварочваў да яе свой нос.
І тут ён заўважыў, што ў канцы гандлёвага раду ў кутку сядзіць жанчына, якая таксама прапануе гусак, але не хваліць, як іншыя, свой тавар і не зазывае пакупнікоў. Ён падышоў да яе, памерыў вокам і ўзважыў яе гусак. Гэта было тое, што трэба, і ён купіў тры гусі разам з клеткай, падняў іх на свае шырокія плечы і накіраваўся назад у палац. Тут яму здалося дзіўным, што толькі дзве з трох гагаталі і крычалі, як гэта робяць усе гусі, а трэцяя паводзіла сябе зусім ціха і, унураная ў сябе, уздыхала і стагнала, як чалавек.
– Яна хворая, – сказаў ён сам сабе, – трэба паспяшацца, каб паспець яе засекчы і прыгатаваць.
Але гусь адказала выразна і гучна:
Вельмі напужаўшыся, карлік Нос паставіў клетку на зямлю, а гуска паглядзела на яго прыгожымі разумнымі вачыма і ўздыхнула.
– Вось табе й маеш!” усклікнуў Нос. – Вы ўмееце размаўляць, паненка гуска? Пра гэта я і падумаць не мог. Ну, не бойцеся. Навучаны жыццём не будзе прыносіць шкоды такой рэдкай птушцы. Але іду на заклад, вы не ад нараджэння апранутая ў пер’е. Я і сам калісьці быў затурканай вавёркай.