Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 14

Вильгельм Гауф

– Твая праўда, – адказала гуска, – я не нарадзілася ў гэтай вартай жалю абалонцы. Ах, ля маёй калыскі мне не праспявалі, што Мімі, дачка вялікага Ветэрбока, будзе забітая на кухні герцага.

– Супакойцеся ж, любая паненка Мімі, – суцяшаў яе карлік. – Пакуль я сумленны хлопец і малодшы кухар яго светласці, ніхто не дакранецца да вашай шыі. Я адвяду вам у сваім пакоі закутак, вы будзеце мець дастаткова корму, а свой вольны час я прысвячу, каб забаўляць вас, а астатнім кухонным работнікам скажу, што адкормліваю гуску ўсялякімі адмысловымі травамі для герцага, і як толькі выпадзе магчымасць, я выпушчу вас на волю.

Гуска падзякавала яму са слязьмі на вачах, а карлік зрабіў усё, як абяцаў: засек дзвюх гусак, а для Мімі пабудаваў закутак, сказаўшы, што хоча адмыслова выкарміць яе для герцага. Ён карміў яе не звычайным гусіным кормам, а забяспечваў печывам і салодкімі стравамі. Як толькі ў яго быў вольны час, ён ішоў паразмаўляць з ёй і суцешыць. Яны расказалі адно аднаму пра свае прыгоды, і Нос даведаўся, што гуска была дачкой чараўніка Ветэрбока, які жыве на востраве Готланд. Калісьці ён пасварыўся з адной старой феяй, якая ўзяла верх над ім праз свае інтрыгі і хітрасць, а ў помсту ператварыла дачку ў гуску і пераправіла яе праз далёка-далёка, аж сюды. Калі карлік Нос таксама апавёў сваю гісторыю, яна сказала:

– Я крыху знаюся ў гэтых справах. Мой бацька крыху расказваў мне пра гэта, наколькі ён мог дзяліцца ведамі. Гісторыя са сваркай каля каша з гароднінай, тваё раптоўнае пераўвасабленне, калі ты панюхаў траўку, а таксама сякія-такія словы старой, якія ты мне пераказаў, – доказ таго, што ты зачараваны пры дапамозе травы, і калі ты знойдзеш патрэбную траву, ты зможаш вызваліцца.

Гэта было для малога невялікім суцяшэннем, бо дзе знайсці тую траву? Аднак ён падзякаваў гусцы, і ў яго з’явілася кропля надзеі.

У гэты час да герцага заявіўся ў госці сусед-князь, яго сябра. Таму герцаг паклікаў да сябе свайго карліка Носа і звярнуўся да яго:

– Цяпер надышоў час, калі ты мусіш паказаць, ці верна служыш мне і ці майстра ты сваёй справы. Гэты князь, які гасцюе ў мяне, харчуецца, як вядома, лепш за ўсіх, за выключэннем мяне. Ён вялікі знаток вытанчанай кухні, а ў дадатак – мудры чалавек. Паклапаціся ж пра тое, каб мой стол кожны дзень быў сервіраваны так, каб князь не пераставаў здзіўляцца. Пры гэтым, каб не трапіць да мяне ў няміласць, ты не павінен, пакуль ён тут, гатаваць адну і тую ж страву двойчы. Для гэтага ты можаш атрымаць усё неабходнае ў майго казначэя. І нават калі табе давядзецца запякаць грошы і дыяменты ў сале, запякай. Бо я лепш збяднею, чым буду чырванець перад ім.

Так казаў герцаг. А карлік прамовіў, пакорна пакланіўшыся:

– Няхай будзе, як вы кажаце, васпане! Калі гэтага хоча Бог, я зраблю ўсё, каб ласунак спадабаўся князю.

Малы кухар паклікаў на дапамогу ўсё сваё майстэрства. Ён не шкадаваў прыпасаў свайго гаспадара і яшчэ менш – самога сябе. Яго бачылі ўсяго ў воблаках дыму і агню, яго голас гучаў увесь час пад скляпеннямі кухні – ён распараджаўся кухцікамі і падкухарамі.