Читать «Чалавек, які ўмеў рабіць цуды» онлайн - страница 6
Герберт Уэллс
– Я мяркую, вы не паверыце, што нейкі звычайны чалавек – кшталту мяне, напрыклад, – які сядзіць вось тут перад вамі, мог бы мець такі талент, што дазваляў бы яму рабіць нешта сілай волі.
– Гэта магчыма, – сказаў м-р Мэйдыг. – Нешта такое, бадай, магчыма.
– Каб я мог свабодна абыходзіцца з чым-небудзь тут, думаю, я мог бы паказаць вам якісь эксперымент, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Вось, вазьміце гэную табакерку на стале, напрыклад. Я хацеў бы ведаць: тое, што я з ёй зраблю, – гэта цуд ці не? Усяго паўхвіліны, м-р Мэйдыг, калі ласка.
Ён нахмурыўся, паказаў на табакерку і сказаў:
– Стань вазай фіялак.
Табакерка зрабіла, як ёй загадалі.
Пры змене м-р Мэйдыг рэзка ўсхапіўся і стоячы стаў пераводзіць позірк то на чараўніка, то на вазу фіялак. Ён нічога не казаў. Хутка ён рызыкнуў нахіліцца над сталом і панюхаць фіялкі – яны былі свежыя і вельмі прыгожыя. Тады ён зноў утаропіўся ў м-ра Фатэрынгея.
– Як вы гэта зрабілі? – спытаў ён.
М-р Фатэрынгей тузаў сябе за вусы.
– Я ж толькі што сказаў – і вось вы зноў. Цуд гэта, чорная магія ці што гэта? І што са мной, як вы думаеце? Вось што я хачу ведаць.
– Гэта проста неверагодна.
– А ў гэты самы дзень тыдзень таму я ведаў пра сваю здольнасць рабіць такое не больш за вас. Гэта прыйшло абсалютна нечакана. Здаецца, з маёй воляй нешта не так, наколькі я разумею.
– Гэта ўсё? Ці можаце вы зрабіць што іншае, апрача гэтага?
– Госпадзе, так! – усклікнуў м-р Фатэрынгей. – Усё, што заўгодна, – ён падумаў і раптам успомніў фокус, які бачыў раней. – Вось! – паказаў ён, – стань сасудам з рыбкамі – не, не, не так – ператварыся ў шкляны сасуд, поўны вады, у якім плаваюць рыбкі. Ужо лепей! Бачыце, м-р Мэйдыг?
– Гэта дзіўна. Гэта неверагодна. Вы або вельмі незвычайны… Але не…
– Я мог бы ператварыць яго ў што хочаце, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ва ўсё, што хочаце. Вось! Стань, калі ласка, голубам.
Праз момант блакітны голуб лапатаў крыламі па пакоі, прымушаючы м-ра Мэйдыга адхіляцца кожны раз, калі пралятаў над ім.
– Спыніся, калі ласка, тут, – сказаў м-р Фатэрынгей, і голуб нерухома завіс у паветры. – Я магу ператварыць яго назад у вазу з кветкамі, – прапанаваў ён і, перанёсшы голуба на стол, зрабіў цуд. – Думаю, вы хутка захочаце курыць, – ён вярнуў назад табакерку.
М-р Мэйдыг сачыў за ўсімі пазнейшымі пераменамі ў стане нейкага маўклівага ляманту. Ён утаропіўся ў м-ра Фатэрынгея і вельмі асцярожна ўзяў табакерку, агледзеў яе і вярнуў на стол. “
– Пасля гэтага прасцей растлумачыць, што ў мяне здарылася, – сказаў м-р Фатэрынгей, і перайшоў да доўгага і блытанага аповеду пра свае дзіўныя прыгоды, пачынаючы ад падзеі з лямпай у “Вялікім Драконе” і дадаючы няспынныя намёкі на Ўінча. Пакуль ён працягваў, часовы гонар ад уражання, зробленага на м-ра Мэйдыга, прайшоў. Ён зноў стаў самым звычайным містэрам Фатэрынгеем, якім заўсёды быў для навакольных. М-р Мэйдыг засяроджана слухаў з табакеркай у руцэ, і яго рэакцыя таксама мянялася цягам аповеду. Калі м-р Фатэрынгей перайшоў да цуду з трэцім яйкам, пастар перарваў яго, затросшы выцягнутай рукой.