Читать «Чалавек, які ўмеў рабіць цуды» онлайн - страница 5

Герберт Уэллс

– Рэпетаваў… што? Так, не вярзі лухты. Рэпетаваў цуд, ды няўжо! Гэта проста смешна! Ну, а як жа, дзяцюк, які не верыць у цуды… Ясна, гэта твой чарговы фокус – вось што. А зараз слухай сюды…

Але м-р Фатэрынгей так і не пачуў, што м-р Ўінч меўся сказаць яму. Ён зразумеў, што прагаварыўся, даў языку волю. Раптоўны выбух гневу прымусіў яго дзейнічаць. Ён рэзка і злосна павярнуўся да паліцыянта.

– Так, – сказаў ён, – хопіць ужо, даволі! Зараз я пакажу табе адзін фокус! Ідзі ты ў пекла! Зараз жа!

Ён застаўся адзін!

У тую ноч м-р Фатэрынгей больш не рабіў цудаў, як і не думаў пра тое, што сталася з яго квітучым кійком. Ён вярнуўся ў горад, спалоханы і вельмі маўклівы, і пайшоў у пакой.

– Божухна! – сказаў ён. – Гэта магутны дар, надзвычай магутны дар. Я і блізка не думаў пра такое. Сур’ёзна… Цікава, як там у пекле?

Ён сеў на ложак, каб зняць чаравікі. Раптам яго азарыла цудоўная ідэя – ён зараз жа перамясціў паліцыянта ў Сан-Францыска, і больш ні пра што не думаючы, спакойна пайшоў спаць. Уначы яму сніўся раззлаваны Ўінч.

Назаўтра м-р Фатэрынгей пачуў дзве цікавыя навіны. Насупраць дому м-ра Гомшата-старэйшага на Лалэбораў-роўд нехта вырасціў неверагодна прыгожую стэпавую ружу, а рэчку ў раёне Роўлінгз-Міла збіраюцца абследаваць у пошуках канстэбля Ўінча.

М-р Фатэрынгей увесь дзень быў няўважлівы і задумлівы і не звяртаўся да цудаў, за выключэннем правізіі для Ўінча і вельмі пунктуальнага завяршэння працы, нягледзячы на той пчаліны рой думак, які гуў у ягонай галаве. Яго незвычайная задуменнасць і лагоднасць паводзінаў была заўважаная некалькімі людзьмі і стала нагодай для жартаў. Галоўным чынам ён думаў пра Ўінча.

У нядзелю ўвечары ён пайшоў у царкву, і, як гэта ні дзіўна, казань містэра Мэйдыга, што меў пэўную цікавасць да звышнатуральных з’яваў, была пра “рэчы, што не адпавядаюць закону”. М-р Фатэрынгей не належаў да царкоўных заўсёднікаў, але яго сістэма пазітыўнага скептыцызму, на якую я ўжо спасылаўся, цяпер значна пахіснулася. Сутнасць прамовы паказала яму зусім у іншым святле гэты новы дар, і ён раптам вырашыў параіцца з містэрам Мэйдыгам адразу пасля службы. Як толькі ён так вырашыў, то здзівіўся, чаму не зрабіў гэтага раней.

М-р Мэйдыг, худы экспансіўны чалавек з неймаверна доўгімі запясцямі і шыяй, узрадаваўся просьбе пра асабістую размову ад маладога чалавека, пра чыё нядбальства ў рэлігійных справах ведалі ўсе ў горадзе. Пасля пары неабходных затрымак ён правёў яго ў святарскі дамок, які прылягаў да царквы, зручна ўсадзіў і, стаўшы перад прыемным полымем – яго ногі ўтварылі радоскую арку ценю на супрацьлеглай сьцяне – папрасіў мра Фатэрынгея расказаць пра сваю справу.

Спачатку м-р Фатэрынгей троху саромеўся, яму было крыху цяжка адкрыць, у чым рэч.

– Я баюся, вы наўрад ці мне паверыце, містэр Мэйдыг, – казаў спачатку ён. Але ўрэшце вырашыў задаць пытанне і пацікавіўся ў м-ра Мэйдыга, як той ставіцца да цудаў.

М-р Мэйдыг сказаў, як і раней: “Ну”, – скрайне бесстароннім тонам, калі м-р Фатэрынгей зноў перарваўся: