Читать «Чалавек, які ўмеў рабіць цуды» онлайн - страница 4
Герберт Уэллс
На працягу дня яго душэўны стан змяняўся ад здзіўлення да радасці, хоць абставіны выгнання яго з “Вялікага Дракону” дагэтуль было непрыемна ўспамінаць, а заблытаныя падрабязнасці тых падзеяў, дайшоўшы да калегаў, сталі тэмай шэрагу жартаў. Было відавочна, што тут трэба быць асцярожным, як з крохкімі рэчамі, але ў іншым разе яго дар абяцаў тым больш, чым далей ён яго абдумваў. Сярод іншага, ён намерваўся за кошт сціплых цудаў павялічыць свой дастатак. Ён стварыў пару выдатных дыяментавых запінак і спехам зьнішчыў іх, калі малады Гомшат прайшоў праз бухгалтэрыю да свайго стала. Ён баяўся, што Гомшат зацікавіцца, адкуль яны ў яго. Ён вельмі ясна разумеў, што практыкаванні з дарам парабуюць абачлівасці і пільнасці, але наколькі ён мог дагэтуль меркаваць, цяжкасці, якія маглі ўзнікнуць, былі не большымі, чым калі ён вучыўся ездзіць на ровары. Гэтая аналогія, бадай, як і пачуццё таго, што ў “Вялікім Драконе” яму радыя не будуць, прывяла яго пасля вячэры ў завулкі за газавым заводам, каб у адзіноце адрэпетаваць пару цудаў.
Магчыма, у яго намаганнях было пэўнае жаданне зарыгінальнічаць, бо па-за сілай волі м-р Фатэрынгей не меў нічога выключнага. Яму на памяць прыйшоў цуд з посахам Майсея, але ноч была цёмная і непрыдатная для таго, каб належным чынам управіцца з вялікімі чароўнымі змеямі. Тады ён узгадаў гісторыю з “Тангёйзэра”, якую прачытаў на адвароце філарманічнай праграмкі. Гэта здалося яму надзвычай прывабным і бясшкодным. Ён утыркнуў свой кіёк – вельмі элегантны пуна-пэнангскі лоер
– Ты ў каго хмызам шпульнуў, дурань? – крычаў голас. – У галёнку мне патрапіў.
– Даруй, зямляк, – сказаў м-р Фатэрынгей і, раптам зразумеўшы няўдала выбраны тон свайго адказу, палахліва ўзяўся за вусы. Ён убачыў, як набліжаецца Ўінч, адзін з трох канстэбляў Імерынгу.
– Чаго гэта ты?.. – спытаў паліцыянт. – Здарова! Гэта ж ты, так? Мужык, каторы зламаў лямпу ў “Вялікім Драконе”!
– А што я? – адказаў м-р Фатэрынгей. – Я нічога.
– Дык нашто тады ты так робіш?
– От, халера! – сказаў м-р Фатэрынгей.
– Дык і халера! Ты ведаеш, што гэта балюча? Дык нашто ты гэта робіш, га?
У гэтую хвіліну м-р Фатэрынгей не мог думаць пра тое, нашто ён гэта зрабіў. Яго маўчанне, падобна, раззлавала м-ра Ўінча.
– Дык ты напаў на паліцыю, хлапец. Вось што ты зрабіў.
– Паслухайце, містэр Ўінч, – сказаў м-р Фатэрынгей, раззлаваны і разгублены, – мне шкада, вельмі. Рэч у тым, што…
– Ну?
Да галавы не прыходзіла нічога, апрача праўды.
– Я рэпетаваў цуд, – ён спрабаваў казаць бесклапотна, але нічога не выходзіла.