Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 66
Павел Андреевич Мисько
— Я невінаваты, містэр Крафт! Невінаваты!.. — усхліпваў хлапчына. — Не звальняйце мяне! Рыба была не гнілая, хай Абрахамс скажа… Дый не ядуць дэльфіны прытухлую!.. Не магла Джэйн атруціцца рыбаю!
— Радж, ты сядай пакуль што, — паказаў яму Крафт на крэсла, але Радж садзіцца не хацеў, усе стаялі.— А вам, містэр Судзір, дазвольце аб'явіць вымову. Распускаць рукі — дзікунства, выбачайце… Вы маглі яму брэйк… зламаць, значыць, сківіцу, — потым Крафт яшчэ больш змякчыў тон: — Гэта проста непрыстойна. Калі вам хочацца наракаць на работу Гугі, вы скажыце мне. Толькі я маю права караць, я гаспадар тут, а не вы!
Радж глядзеў на Судзіра. У дрэсіроўшчыка быў чарнявы, ажно сіні, худы твар. На шчоках правалы, рот саркастычна і пагардліва ўсміхаецца — адным кутком.
— Гуга, ён цябе выцяў? За што? — спытаў Радж, паглядваючы то на хлопца, то на Судзіра.
Гуга прыкусіў губу, адвярнуўся да акна. Яно сядзела глыбока, нібы ў нішы, а сцены кабінета тут, у паддашку, навісалі ўсярэдзіну.
— Як звычайна — ні за што, — адказаў за яго Радж. — Дык чаму ты не ўпіўся яму кіпцямі ў морду, калі не падолееш у бойцы? Чаму так папусціўся? Ты ж ужо дарослы… Ды ў рэшце рэшт і містэру Крафту можна паскардзіцца.
Радж падышоў да хлопца, цярнуў яму далонямі пад вачыма. І зразумеў, што не трэба было гэтага рабіць. Ад такога шкадавання Гуга яшчэ горш разгорніўся.
— Не плач. Больш ён цябе не зачэпіць. А зачэпіць, то будзе мець справу са мною. Гэта я пры ўсіх гавару.
Судзір скрывіўся яшчэ больш пагардліва. Павярнуўся ісці, але кінуў цераз плячо, нібы ўсім рабіў вялікую ласку:
— Я адмяняю ранішняе прадстаўленне.
— Як адмяняю?! — Крафт ажно асіп. — Як адмяняю, калі ўжо білеты прадаюць?!
— А вы гарантуеце, што ўсё пройдзе добра, не сарвецца? Што дэльфіны будуць слухацца? — голас Судзіра быў ледзяны да сухасці.— Мне здаецца, містэр Крафт, у вашых жа інтарэсах адмяніць адно прадстаўленне, чым… Бо калі што якое, па ўсім Раі пойдзе погаласка: «У дэльфінарыі няма чаго глядзець, адна халтура. Не ідзіце, толькі грошы выкінеце!» Падлічыце, якія могуць быць у вас страты, вы чалавек адукаваны… — і грукнуў за сабою дзвярыма так, што затрэслася ўся будыніна.
— Шалёны… Ці бачыце? Ён жа мэд! — пахітаў галавою Крафт і пайшоў за стол у сваё крэсла. Расхліснуў больш каўнер белай кашулі, глянуў на вялікія крылы вентылятара, што ледзь варушыліся пад столлю і не давалі ніякага ветру. Відаць было, што Крафту ўеўся ў пячонкі Судзір, але нічога не паробіш. Не падабаецца нос, але ж не памяняешся ім з другім чалавекам.
— Малу… Ты можаш ісці. Скажаш па дарозе касірцы, хай павесіць паперу: прадстаўлення ў 11.00 не будзе па тэхнічных прычынах. Адміністрацыя просіць прабачэння. Прададзеныя білеты сапраўдныя на 14.00. І прадае няхай толькі са штампам «14.00». І ты, Гуга, ідзі займайся спакойна сваёю справаю… Ды ўмыйся, а то мяне нудзіць на цябе глядзець. Пятнаццаць гадоў, а ты ўсё яшчэ такі маленькі…