Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 55
Павел Андреевич Мисько
Абапал уваходу стаялі велізарныя белыя скульптуры каровы і льва — і манах паказаў Янгу на бакавы ўваход, ісці паўз сцяну. Рынуўся туды, каб хутчэй дагнаць сваіх, але натыкаўся толькі на чужыя спіны. «Мам!.. — нейкі страх працяў душу. — Тата-а! — шыўся ўсё глыбей у храм, прабіраўся то ўправа, то ўлева, абліваючыся потам, хоць у храме было халадней, чым звонку. — Дзядзька Амат! Дзед Амос!» Біргусаўцаў у людской гушчэчы не было, яны, мабыць, зайшлі праз галоўны ўваход і ціснуліся да алтара ў іншым патоку. Туды, дзе над людскімі галовамі ўзвышаецца шасцірукі бронзавы Вішну з рахманай, ласкава-дзіцячай усмешкай на твары. Сядзіць ён у позе лотаса, а гэтак узвышаецца над усімі… Грукат і плюхат чуваць адтуль, ад Вішну, — гэта разбіваюць людзі какосы, выліваюць малако, высыпаюць рыс. І ўжо не гул галасоў стаіць, а нібы шолах лісця ў джунглях — людзі спяшаюцца прашаптаць самае галоўнае, выказаць самае набалелае…
— Дзядзечка, падыміце мяне, я пагляджу! Дзядзечка, падыміце! — тузаў Янг за рукавы, за кашулі мужчын. Але яны нібы паглухлі ці былі ў трансе, нічога не хацелі чуць, нічога не заўважалі, акрамя Вішну. Урэшце адзін як прачнуўся, падхапіў Янга пад пахі: «Глядзі… І маліся, маліся!..» Янг круціў галавою ва ўсе бакі, выглядваў сваіх, шукаў бацьку. Каля самага Вішну ў гэты час адбылася нейкая заварушка, мільганула знаёмая кавадзі. Але ніводнага біргусаўца не пазнаваў Янг, толькі мітусіліся там людзі ў жоўтых доўгіх хітонах з бліскуча-чорнымі галовамі. Каго яны выносяць адтуль нагамі ўперад? Чаго схіляецца над тым, павержаным, жанчына ў белым халаце і белай касынцы?
— Ну — нагледзеўся? — мужчына апусціў яго на дол.
— Дзякую… — Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду — другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела — каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…
— Тата!!! — вырваўся крык нялюдскага болю.
У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.
Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі — «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.