Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 4
Павел Андреевич Мисько
Не кранаўся з месца Янг, сядзелі і яго сябрукі. Янгу скора дванаццаць гадоў, ён ужо шмат разумее, пачынае разбірацца ў жыцці. Янг чакаў, да чаго дадумаюцца дарослыя, што вырашаць. Недзіцячая трывога за лёс людзей, лёс усяго вострава сціскала сэрца.
— Чуеце, людзі? Во ён, злы дух… Нюхайце! — прагаварыў ціха Ганеш, пачуўшы пах саляркі, што зноў даляцеў з лагуны. Ён плюнуў чырвоным пад ногі, і многія мужчыны, што жавалі бетэль, таксама плюнулі.— Гнаць трэба гэты дух з нашага Біргуса! Гнаць! — страсянуў Ганеш кіем.
— Да бома трэба ісці! Хай нашле на іх праклён!
— Раней трэба было да гэтага дадумацца!
— Раней… Раней жа думалі, што хадакі нечага даб'юцца! А яны не дабіліся!
— Цябе трэба было пасылаць, такога спрытнага! Ты б дабіўся!
— Перастаньце, людзі! Ніякі бома не паможа! Трэба слаць ганцоў у чужыя вёскі! Падымаць народ! Загарадзіць лодкамі ўваход у лагуну! — стараўся перакрычаць усіх Радж.
— Правільна! Чаго сядзець склаўшы рукі! — падтрымаў яго Амара, лепшы Раджаў сябар.
— Калі вас усіх перасаджаюць у турму — там вам і месца! — адкалоўся ад іх Пуол, пайшоў на бераг лагуны.
Перамаглі тыя, што хацелі ісці да бома.
Першым пакрочыў Ганеш. Ён стомлена абапіраўся на бамбукавы кій, абмацваў дарогу. За ім затупацелі ўсе. Замыкала шэсце Рата, яе гуртам паднялі на ногі — «Ідзі», і яна шоргала па пяску сваімі распухлымі калодамі, задыхана сапучы.
Ганеш ішоў і гаварыў, што з пустымі рукамі да бома няма чаго хадзіць. Трэба адразу несці падарункі. І ён назваў, каму сёння лавіць курэй ці пеўняў, браць сушаных тунцоў, каму несці вараны рыс і тодзі — зброджаны, з градусамі, сок какосаў.
Моладзь адстала, ішла ззаду. У цэнтры яе крочыў Радж, злева ад яго быў Амара, справа — Янг. Ён трымаўся за братаву руку і стараўся ступаць шырока, каб патрапляць з ім у нагу, быць падобным да брата.
«Нервовы стаў Радж… — думаў Янг. — Асабліва апошні месяц, як з'явіўся ў яго гэты шрам. Ніколі пра шрам нікому не расказваў. Таямніца нейкая, загадка… Невясёлая ў яго работа, небяспечная — многа часу даводзіцца быць пад вадою. Але як бы мы жылі без Раджавай дапамогі, без яго заробкаў?»
— От жа дурныя людзі… От жа цёмныя… — гаварыў Радж, нібы шаптаў заклінанне. Але яго добра чулі ўсе хлопцы. — Хіба ў гэтым бома паможа?
Іх востраў вельмі падобны да какосавага краба біргуса (адсюль і назва). Вялікага краба, з тулавам-панцырам памерам тры на чатыры кіламетры. Маленькія рыфы кругом — нібы яго падцятыя ножкі. У вострава і клюшні ёсць, як у краба, левая, шырэйшая і даўжэйшая, ахоплівае лагуну з усходу. Яна складаецца з вузкага мыса-паўвострава і чатырох зялёных астраўкоў-скал, размешчаных адзін за адным праз вузкія праліўчыкі. А правая клюшня Біргуса яшчэ вузейшая, у ёй сем белых каралавых атольчыкаў, на тых сямі амаль нічога не расце, толькі гняздуюцца чайкі. Янг не раз выбіраў з сябрамі з гнёздаў яйкі — смокчаш іх і чуеш пах рыбы.