Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 3

Павел Андреевич Мисько

«І чаго гэты крамнік горла дзярэ? Хіба яму заплацілі? Абірала пракляты…»— думаў Янг.

— А дзе знойдзеш работу? Хто нас чакае там? Каму мы патрэбныя? — сыпаліся выкрыкі.

— Абы добрыя грошы — усюды можна жыць! — крычаў сваё Пуол.

— Лі Сунь! Твой язык сёння лёгка ходзіць! Якім алеем яго змазалі? За колькі долараў прадаўся? — гнеўна гаварыў Радж, і яго словы ўзбуджалі людзей.

Янг сеў бокам, каб добра было і за Раджам наглядаць. Залюбаваўся братам: белая трыкатажная тэніска шчыгульна аблягала пукатыя плечы і грудзі, падкрэслівала кожную бугрынку мускулаў. На грудзях малюнак: пяць сініх хваляў, аранжавы абруч сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Ні ў кога ў вёсцы няма такой шыкоўнай адзежыны. Радж працуе на востраве Рай у дэльфінарыі — не абы-што!

Крамнік бязгучна разявіў рот — раз, другі: заняло дух. Але справіўся з сабою, зноў заўсміхаўся.

— Чуеце? Па пяцьдзесят долараў! Вы такіх грошай і не нюхалі… А ты, малады чалавек… — звярнуўся да Раджа. — Ты мог бы і памаўчаць! Ты тут ужо не жывеш-ш-ш… І не маеш-ш-ш права голасу! — зашыпеў, як кобра. — Ты ляці на свой востраў Рай — і забаўляйся! Разводзь там тра-ля-ля! Забаўляй турыстаў! Плюхайся!

— Як гэта не маю?! — ускіпеў і Радж. («Як гэта не мае права голасу?» — падтрымалі яго хлопцы, асабліва Амара). — Хіба я не адсюль родам? Хіба не тут жывуць мае бацькі? Хіба не табе, жываглоту, яны за бясцэнак аддаюць копру і сушаную рыбу? — Радж некалькі разоў выцягнуў з ножнаў і з лёскатам загнаў назад нож-крыс. Шрам-месячык пад леваю сківіцаю то чырванеў, то бялеў.

— Радж, сціхні… Не сарамаці мяне перад людзьмі…— слабым голасам папрасіў бацька. Хваравіты, ціхі і маўклівы, ён і сёння мог праседзець моўчкі.

— Ах, малады чалавек… — Лі Сунь паправіў касынку на галаве. З твару не сыходзіла ўсмешка, але гэта была ўжо не ўсмешка, а застыглы аскал. — Скруціш ты сабе шыю… Папомніш маё слова. Паберажы яе! А вам, людзі, я скажу яшчэ вось што: хто не разлічыўся са мною за пазыкі, прашу сёння ж разлічыцца. Жонка дома, яна прыме… Не маеце грошай — аддавайце натураю. Прыму арэхамі, прыму свіней, курэй, качак. Хатні скарб… Усё роўна вам цяжка будзе з сабою ўсё пабраць.

— З гэтага і пачынаў бы! Цябе толькі гэта і турбуе! — зноў не вытрываў Радж.

Лі Сунь пакланіўся ва ўсе бакі. Белая кашуля-распашонка з бакавымі разрэзамі штораз пры паклонах налазіла на спіну, агаляючы тоўсты азадак.

Лі Сунь не пастаяў з людзьмі, не пасядзеў у натоўпе. Пакаціўся, часта перабіраючы нагамі, прэч. Але не дадому, не ў сваю лаўку, а туды — на прарэзлівыя гукі, на ўдушлівы смурод ад матораў.

Людзі сядзелі ці стаялі ў здранцвенні, і чуваць было, калі аціхалі чужыя гукі, як з рахманым плюхатам-шумам каціліся на пясок уціхаміраныя лагунай хвалі прыбою. Сонца было ўжо за лесам, над самым захадам, і промні сяды-тады агніста прарываліся скрозь частакол пальмавых ствалоў і ствалы-карані баньяна. Гарачыня спадала, дыхаць рабілася лягчэй. У зарасніках пачалі абзывацца птушкі. За птушкамі ажылі і дзеці. Трохі старэйшыя, не сысуны, галапузыя і галазадыя, папакідалі сваіх мацярок, пачалі навыперадкі бегаць з сабакамі і вішчаць, потым сыпанулі на водмель — паплюхацца ў лагуне.