Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 6
Павел Андреевич Мисько
Урэшце месяц, нібы чырвоны вялізны човен, выплыў з акіяна і, здалося, загайдаўся, задрыжаў на хвалях. І ў гэты час у хаціне штосьці глуха загрукатала, задрынкала, запішчала прарэзліва, нібы вядзьмар злавіў за хвост какосавага пацука і закруціў над галавою, каб шпурнуць у хвалі. Хаціна дрыжала і трэслася, праз шчыліны прабіваліся водбліскі агню.
І вось на парозе паўстаў бома з палаючым факелам у левай руцэ. Водбліскі агню гулялі на страшным, расфарбаваным белымі і чырвонымі палосамі і трохкутнымі знакамі твары. У правай руцэ пахістваўся бамбукавы кій, падобны на піку. Дый сам бома хістаўся, як п'яны, пацепваў, як ад холаду, плечукамі. Абедзве рукі ад пляча і да кісці былі ўвязаны каляровымі стужкамі, канцы іх целяпаліся на ветрыку, выгіналіся, як змеі. Бома паўглядаўся ў адзін бок, у другі, выцягваючы шыю, як чарапаха, і раптам скокнуў туды, скокнуў сюды, укалоў паветра пікаю. А сам нечым прарэзліва вішчаў, мо заклаў які лісток за зубы, хацеў, мабыць, каб людзі думалі, што пішчаць і ўцякаюць злыя духі. Ён то ішоў па крузе на падагнутых нагах, то скакаў абедзвюма адразу, як верабей, і ў такт калоў пікаю ў бакі, вычэрчваў агнём нейкія знакі. У вачах бома палалі вогненныя водбліскі, здавалася, што з іх, як і з факела, сыплюцца іскры.
Янгу зрабілася жудасна, яго затрэсла.
— Усе… Бярыце факелы… Бярыце палкі, кіі. І за ім! — тлумачыў Япавы жэсты стараста. Голас Ганеша таксама зрабіўся пісклявы і хрыплы, і ўсе загукалі, завылі не сваімі галасамі, каб духі зла не пазналі нікога, не ведалі, на каго нападаць. Усе пайшлі за бомам, прытанцоўваючы, падскокваючы, як хто мог прыдумаць, і ўсе калолі палкамі і кіямі паветра. Янг зрабіўся сам не свой, ён ужо не заўважаў, хто адлучаўся ад натоўпу, каб узброіцца і запаліць факел, хто бухаў па пустым ствале бамбука. Агнёў рабілася ўсё больш і больш, з-за паху гарэлага алею ўжо не чуваць было злога машыннага духу. Чад і дым пацягнула ў зараснікі, і там затрывожылася начное птаства. Агні адбіваліся ў лісцях пальмаў, і здавалася, што там таксама запальваліся факельчыкі, а на небе большала зорак таму, што туды падымаліся іскры ад факелаў. Блішчалі вочы, блішчалі зубы, зеўралі скрыўленыя чорныя раты, самі людзі былі падобныя на абвугленыя галаўні. Янг бачыў, што і Радж ужо ўзброіўся абломкам кораня пандануса і ў бацькі ў руках кій. Толькі маці несла, прыціскаючы да поўнага жывата, чорны саган з какосавым алеем, і тыя, у каго патухаў факел, падбягалі памачаць, зноў прыпальвалі.
Сышлі на самы бераг. Вада каля рыфаў паблісквала фасфарычным святлом, раз-пораз паверхню лагуны прачэрчвалі бледныя палосы, нібы хто чыркаў гіганцкімі запалкамі па серцы, а яны ніяк не хацелі ўспыхваць. Пясчаная, у шумавінні паласа прыбою сёння пакрамсана рванымі слядамі-пісягамі ад колаў машын.
Зусім блізка было месца, дзе выгружаліся і высаджваліся прыхадні, як раптам — «Па-ах!» — у неба ўзвілася чырвоная ракета і паляцела ў іх бок. Зніжалася проста на галовы, шыпела і пырскала іскрамі, і некаторыя спалохана адбегліся ў бакі. Але ракета патухла, не дапаўшы да зямлі. У той жа момант з рэйда, з-за лагуны, дзе стаяла аграмадзіна баржа, успыхнуў слуп святла, упёрся ў неба — запалілі пражэктар. Светлы слуп зыбнуўся, упаў на ваду, потым зашарыў па беразе, раптам высвятляючы то сілуэты скрыўленых у бок вады пальмаў, то горы выгружаных скрынь пад брызентамі, то машыны і бульдозеры, то брызентавыя палаткі. Людзі заплюшчвалі вочы, паварочваліся спінамі да кінжальнага агню.