Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 37
Павел Андреевич Мисько
Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.
— Пайшлі, пайшлі далей…
Лёгка Амары падганяць — «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.
Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.
— Нехта рыўся, як свіння, — нібы сам сабе сказаў Амара. Штосьці яму не падабалася, штосьці трывожыла. Ён азірнуўся па баках, але што-небудзь убачыць далей па беразе і наўкол было немагчыма з-за скал, кустоў і дрэў.— Што ён тут шукаў? — Амара прысеў, павадзіў рукою па пяску, пагробся ў ім.
Янг таксама памацаў, пацёр пясок, паўглядаўся ў крупінкі і каменьчыкі.
— Мо якія самацветы каштоўныя, — сказаў ён.
— Давай трошкі падымемся ўгору. — Амара амаль на карачках пакарабкаўся па вадзе, па камянях, Янг за ім. Хутка яны вымаклі з ног да галавы. Калі такім чынам узняліся на пласкагор'е, то ўбачылі, што ручай тут больш спакойны і шырокі. Скрозь па беразе пясок настаўбураны пагоркамі, нават у вадзе, можна пазнаць было, камяні ссунуты са сваіх месц. Прайшлі яшчэ трохі да месца, дзе ручай падзяляўся скалою на два. Прайшлі цераз першы ручай, абагнулі скалу, пабрылі ўніз левым берагам шырэйшай пратокі, які ўсё далей забіраў управа. Сляды невядомых шукальнікаў ці даследчыкаў заўважаліся і тут: то ў вадзе на мелкім, то на самым беразе шарэлі купкі гравію і пяску, каменьчыкаў, нібы хто падзяліў зачэрпнутае з дна драбноцце па велічыні. Сляды і тут былі дваякія — ад грубага чаравіка ці бота і ад босых ног. Значыць, шукальнік быў не адзін?
З-за невялікага павароту ўдарыў у вушы шум вадаспаду. Перад самым вадаспадам цячэнне ў ручая было бурнае і імклівае, хлопцы не рашыліся заходзіць у плынь, каб не збіла і не пакаціла па камянях уніз. Пайшлі і далей левым берагам. Скалы тут ледзь не заходзілі ў возера, а вадаспад застаўся крыху ззаду і справа. На самым абрыве прыселі, зачараваныя прыгажосцю.
Адсюль можна было агледзець добрую палову возера. Там, дзе паверхню асвятляла сонца, вада здавалася пяшчотна-блакітнай, крыху зелянкавай, а там, дзе быў цень, — цёмна-зялёнай і фіялетавай. Дальнюю частку возера прыхоўваў падобны на здвоеную пышную ляпёшку зарослы кустамі астравок. Унізе, пад хлопцамі, раскінулася бухтачка, амаль усю яе ахутваў цень. Бухту акаймоўваў нізкі, густа засыпаны камянямі бераг. Бела-сівыя космы вадаспаду (адтуль несла на хлопцаў халодную імжу) абрушваліся на гэты прыродны брук, губляліся сярод камянёў, пакідаючы на іх баках і лысінах камякі беласнежнай пены-шумавіння. І скрозь паўз бухту, дзе толькі можна было ўчарпнуць у ручаях ці на беразе, былі насыпаны пагоркі і горбікі, многія камяні былі зрушаны з месца.