Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 39

Павел Андреевич Мисько

— Не спадзявайся. Ніколі ніхто ні на Біргусе, ні тут не гаварыў, што на Горным ёсць золата. Каб хто знайшоў яго, ведаеш, што тут пачалося б? Канец свету.

— Але ж яны не так сабе шукаюць! — горача запярэчыў Янг.

— Шукаюць! Мо якія дурні турысты. Думаюць, калі ад'ехаць на тысячы кіламетраў, трапіць на які востраў у акіяне, дык можна цэлыя кішэні самародкаў ці залатога пяску нагрэбці. Пайшлі адсюль!

4

Абыход возера заняў яшчэ з гадзіну. Пакуль лазілі, карабкаліся, выявілі з заходняга боку яшчэ два ручаі, якія ўпадалі ў возера.

— Хіба яно бяздоннае? — здзівіўся Янг. — У яго вунь колькі льецца, а з яго — ні струменьчыка.

— Высыхае… — сказаў Амара, але тут жа дадаў: — Не, не можа столькі высахнуць. Куды ж дзяецца вада? Во, па камянях можна пазнаць — не мяняецца ўзровень.

— Вунь тое месца, дзе мы падыходзілі. І тут нідзе не булькоча ручай, не выцякае з возера.

— Яно хоць і ў былым кратэры, але намнога вышэй узроўню акіяна. Каб прарвалася вада цераз гэтыя скалы — во зашугала б!

— А мо… А калі яно пад зямлёю цячэ ў акіян? Можа быць такое?

— Можа. Вулкан, землетрасенне чаго хочаш могуць нарабіць. Але калі б вада правальвалася, то яна кружылася б, вір быў бы. От дурні, трэба было лепш прыглядацца да паверхні.

Янг спусціўся па камянях да самай вады, нарваў жменю лісця, шпурнуў на ваду. Лісце распырхнулася, упала мо за якія два метры ад берага. Упала і ляжыць сабе спакойна, нікуды яго не нясе, не круціць.

— Другі раз не будзем абыходзіць — ну яго! — уздыхнуў Амара. — Нам трэба яшчэ паўднёвы схіл гары разведаць — да самага мора. Калі і тут нічога не знойдзем… — Амара не дагаварыў, роспачна махнуў рукою.

Паўднёвы схіл здаўся не такім доўгім, і быў ён намнога круцейшы, чым усходні, які вёў да горада. Нагрувашчванне скал, трэснутых і разарваных наплываў лавы было больш дзікае і маладаступнае. Тут дрэў і кустоў было менш, дый тыя вельмі ж скарэжаныя і скурчаныя. Нідзе не заўважылі нават маленькай, хоць трохі роўнай лапінкі, каб можна было зачапіцца, нацягаць туды зямлі і разбіць хоць невялічкі агарод. Скалы скончыліся раптоўна абрывам, далей унізе распасціраўся пясчаны бераг, да белага прыбою было метраў семдзесят. Сям-там на пяску былі параскіданы адзіночныя камяні і скалы, раслі калючыя кусты-малачаі, тырчалі мяцёлкі султанскай травы, сядзелі кактусы. Ладны кавалак пясчанага пляжу каля вады быў адгароджаны шчыльным дашчаным плотам, па версе яго ў тры рады наснавана калючага дроту. Зверху хлопцам было відаць, што робіцца за агароджай: з усходняга боку пляцоўкі стаялі дзве палаткі з падаткнутымі бакавінамі, каб прадзімала ветрам. З заходняга далятала густое і частае чахканне. Там стаяў на чатырох колах рухавік, крыху падобны на той, што бачыў Янг на пантоне ў лагуне іх Біргуса. Пасярод, бліжэй да плота і да хлопцаў, узвышаўся аўтамабільны прычэп-вагончык з высокімі і нізкімі антэнамі наверсе. Амаль па прамой лініі за ім блізка каля вады ляжалі нейкія скрынкі і паласатыя бочкі з палівам, а ўжо зусім на вадзе пры беразе віднеўся катэр ці глісер.

Даўгавата наглядалі хлопцы, пакуль дачакаліся хоць якога руху за плотам. З адной палаткі выйшаў рабочы, пакіраваў да рухавіка. Пастаяў там, панаглядаў за прыборамі і зноў вярнуўся ў палатку. Толькі добра прыгледзеўшыся, хлопцы заўважылі, што ад рухавіка да вагончыка з антэнамі і ад яго да берага быццам бы паўзуць не то шлангі, не то правады-кабелі.