Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 222
Павел Андреевич Мисько
— Містэр Судзір, я падумаў і рашыў згадзіцца, — сказаў уголас. — Толькі дайце мне права падабраць сабе асістэнта па густу. Мне з ім працаваць, а не вам, поўны кантакт павінен быць. Калі за тры дні не знайду хлопца, які задавальняў бы мяне, тады прыму любога, каго прызначыце.
— Во, гэта ўжо дзелавая размова. Тры дні даю — падбірай. А я гэтыя тры дні буду думаць, як нам лепш арганізаваць работу.
— Заўтра я ў дэльфінарыі не буду, дазволіце вы гэта мне ці не дазволіце. У мяне ўжо нікога не засталося на свеце, я павінен выканаць свой абавязак перад братам да канца.
— Шкада, што не слухаешся. Мяне таксама не будзе цэлы дзень, і хацелася б, каб хоць адна разумная галава заставалася на месцы. Гэты Абрахамс пад старасць апошнія глузды згубіў, пакідаць на яго аднаго дэльфінарыум рызыкоўна.
— Дарэмна вы на яго так. Ён вельмі стараецца на рабоце, усё выконвае сумленна.
— Залішне нават стараецца, суе нос куды не трэба. З сённяшняга дня павінна быць так: сумленна выконвай толькі свае абавязкі, а я іх распішу для кожнага, астатняе не павінна цябе цікавіць… А ўсё Крафт вінаваты, гуляў тут з вамі ў лібералізм, параспускаў… Карацей: «Нептуна» больш не дам. Падрыхтуй мне на заўтра акваланг, касцюм, запраў балоны, пастаў пад вышку каля дзвярэй. Я хутка буду ісці, забяру.
«Ліха з табою…» — падумаў Радж, пакідаючы кабінет.
Пастаяў крыху на пляцоўцы, падыхаў свежым брызам. Меў такое адчуванне, што ў кабінеце не паветра было, а нейкая атрута, чад.
«Чым яму насаліў Абрахамс? Куды ён соваў свой нос? Трэба пры выпадку распытаць старога…»
Недзе з порта па-бычынаму, але стрымана, быццам баяўся разбудзіць каго, падаў голас цеплаход — мо хацеў швартавацца ці, наадварот, адчальваў з Рая. Пілікалі і верашчалі цыкады, у зялёнай зоне дэльфінарыя спалохана і плаксіва ўскрыквалі паўліны, чуваць быў лопат крылаў. «Ці не на перамену пагоды?» — падумалася Раджу з трывогаю. Няхай бы пастаяла добрая пагода яшчэ колькі дзён, бо сапсуецца — у мора не выйдзеш, зносіны з іншымі астравамі амаль спыняцца.
Паволі, прыкідваючы, што трэба зрабіць у першую чаргу, ступаў па скрыпучых прыступках. Зробіць спачатку тое, што загадвае Судзір, трэба пакуль што гадзіць яму, як ліхой скуле. Потым трэба ўпарадкаваць астатнія аквалангі, балоны і касцюмы. Амара не памог з імі разабрацца, ледзь прычалілі ў заліўчыку, скокнуў на бераг. Ён пазніўся на работу, не меў часу нават прыняць душ. Паспеў крыкнуць, што раніцаю прыбяжыць зноў. Другія суткі без сну — як ён вытрывае? Абдула таксама — сабачку пад паху і дзёру. Ну, гэты мог бы і не спяшацца, мог памагчы. Але мармытаў штосьці: «Донна… Сіньёра… Донна…» Прагаладаўся, мабыць, як звер, таму і спяшаўся. Не хацелася Раджу кепска думаць пра Янгавага сябра, але тое-сёе ў паводзінах хлапчука не падабалася. Было ў ім нямала ад гарадскога шпанюка. Так і давялося самому разгружаць «Нептун», заганяць яго тэльферам у гараж, самому ўсё пераносіць у камору. А тут і змрок нахапіўся.