Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 189

Павел Андреевич Мисько

— Ласт другі шукайце! Маску шукайце! Ну, што ж вы?

Ніхто не паплыў, загаду не разумелі. Услухоўваўся скрозь шум вадаспаду і, здаецца, чуў іхнія ўздыхі і ціхае паплюхванне.

Янг добра абмацаў ласт. Раменьчыка не было, адарваўся разам з вушкам. Але гняздо для нагі было цэлае. Ён адразу сунуў туды правы ступак, «абуўся». Не хочацца зноў лезці ў ваду, а трэба. Мог бы яшчэ пацярпець, не піць, але рашыў наліць страўнік вадою — не так будзе балець. Пасвістаў: «Ты дзе, Бобі?» Намацаў рукамі дэльфіна. Бобі!.. Слабак гэты Бобі, от каб Дзік слухаўся. «Сюды, сюды…» — адварочваў яго галаву бліжэй да скалы, управа. Локаць перакінуў, звесіў на той бок Бобі і далоняй ціскаў на левы бок, кіраваў. Два арыенціры — скала справа і шум вадаспада. Калі паплыве назад, будзе таксама імі кіравацца. Іначай не знойдзеш тую пляцовачку, дзе адпачываў. Малая яна і няроўная, спадзістая, але што рабіў бы без яе? Можа, дзе і лепшая ёсць, але паспрабуй знайдзі ў гэткай цемры!

Сцяна пад праваю рукою падавалася на Янга. Гэты пячорны завулак таксама звужваўся, як і той храмападобны. Шум і плёскат памацнелі, у твар паляцелі пырскі. Ззаду пачуліся кароткія трывожныя свісты, мабыць, дэльфіны плылі за ім і Бобі. Пачуўшы сігналы, Бобі адразу крутнуўся пад рукою, як верацяно, вырваўся і сам засвістаў трывожна. І ў гэты момант Янг каленьмі намацаў камяні, нагрувашчаныя абломкі, зачапіліся за іх рукі. «Дуралобы… Баяцца лезці сюды… А як жа мяне ратавалі і не баяліся? Нешта ж зацьміла ім розум, змусіла кінуцца на дапамогу чалавеку».

Асцярожна падняўся і ледзь астояўся: у ногі білі буруны-вадавароты. Працягнуў рукі ўперад, у невядомасць, і халодная вада хлынула па руках да плячэй. Напаўняў далоні і піў, піў, ледзь не лопаўся ад вады, а ўсё піў. І думаў: што рабіць далей?

Можна прабрацца назад на сваю пляцоўку і драмаць, чакаць раніцы. Але ці зменіцца што раніцаю? Толькі ў Храме была хоць нейкая крыха святла, але там няма ніякага выхаду. І тут, у Вадаспадным гроце, няма. Правільней, шчыліна ёсць, але вядзе яна ў возера. Пра тое, каб выбрацца праз гэты лаз, нельга і думаць. Проста загадка, як сюды ён трапіў і не захлынуўся насмерць.

Значыць — шукаць, шукаць, шукаць… Пакуль ёсць крыха сілы, пакуль не скалеў зусім — шукаць!

Па таму ж прынцыпу — правая рука павінна ўвесь час абмацваць сцяну. Трымацца толькі правай сцяны, і ў рэшце рэшт прыйдзеш на тое ж самае месца. «А калі не на тое, то ў Храм, а з Храма я ўжо ведаю, як дабрацца да той пляцоўкі… Калі нічога лепшага па дарозе не абмацаю… ці выхаду не знайду».

Асцярожна, хістаючыся пад ударамі патокаў, павярнуўся спінаю да вадаспаду. «Ты дзе, Бобі?» — Янг ужо смялей рынуўся грудзямі на ваду. «Плыві сюды!» — пасвістваў і адплываў ад вадаспаду ўсё далей. Нарэшце ўлавіў, што вада каля яго закалыхалася па-новаму, не так, як ад вадаспаду, здаецца, пачуў і ўздыхі дэльфінаў, тонкае «кр-рын-н, пр-рын-н…» каля твару. Выкінуў руку ўперад і намацаў малыша, учапіўся за спінны плаўнік. «Управа, Бобі!» — павярнуў крыху яго за рострум. І той зразумеў, паплыў правей. Янг запрацаваў адным ластам, памагаючы яму. Але праз якія метры два Бобі рэзка звярнуў улева. «Ты што…» — не паспеў спытаць, як стукнуўся галавою і правым плячом аб слізкі і востры выступ.